«Я ўжо, мамачка, не твая, не твая…»

IMG_4019Неўзабаве пройдзе Вялікі пост і на Чачэршчыне пачнецца перыяд вяселляў. Так было да нас, так будзе і потым. Пра тое, як адбывалася гэта абрадавая дзея ў Нісімкавічах, нам паведалі работнікі мясцовага Дома культуры.

Дзявочнік ладзілі за дзень да вяселля: дзяўчаты вымывалі ў лазні нявесту, часалі ёй коску, спяваючы: «Рабіна кудравая, ты калі ўзышла, калі вырасла? Люба-Любушка, навошта рана замуж пайшла, рана паізволіла». Затым збіраліся за сталом, пілі квас, развітваліся з сяброўкай.
Выкуп маладой. Назаўтра нявеста расказвала сон, які ўбачыла сеначы. А вось ужо загрукацелі коні каля двара – прыехалі сваты. Маладому падавалі кварту ці малое вядзерца вады (іншы раз падсоленай) са словамі: «Каб у хату ўвайсці, трэба праз дзверы прайсці. Ваду выпі ўсю да дна, яна расчыніцца сама». Жаніх з шаферам асыпалі дзяўчат цукеркамі, гасцінцамі, пакуль не атрымлівалі тое, за чым прыйшлі. Потым усе выпівалі па глытку гарэлкі і рыхтаваліся ў царкву. Бацькі бласлаўлялі дзяцей на дарогу, перад святочным картэжам тройчы пырскалі святой вадою ў форме крыжа, сыпалі на заручоных пшаніцу.
Першы дзень вяселля па традыцыі праходзіў у хаце нявесты. Пасля царквы маладых віталі на парозе бацькі з іконай і хлебам-соллю. Тут жа ставілі ўпрыгожаную кветкамі і стужкамі ёлку, а побач уладкоўвалася малая дзяўчынка са свечкай, так званая Свяцёлка, як сімвал дзетароднага пачатку. Яна ставіла свечку каля маладых што служыла сігналам садзіцца за святочны стол. Сведкі размяшчаюцца побач, потым займаюць месцы бацькі, хросныя, сваякі і астатнія. Пачынаецца баляванне. Пасля трэцяй чаркі ўсіх запрашаюць да караваю, яго падзел ідзе з прыгаворамі: «Колькі ў лесе пянькоў, столькі вам сынкоў», «Дарую вас капустай, каб у хаце не было пуста» і г.д. У канцы маладым крычаць: «Горка!»
Вясельны поезд: бліжэй да 22.00 сват аб’яўляў, што прыехаў вясельны поезд. Прысутныя ішлі сустракаць гасцей з боку маладога. На парозе адбываўся торг вясельнай ёлкі, а выкупіўшы гэты атрыбут даўгалецця, Свяцёлка і бацька маладой тройчы вадзілі закаханых вакол стала з рытуалам: «Блаславіце, тата і маці» і дзеці кланяліся ў ногі бацькам. «Бог блаславіць!» – адказвалі тыя. Затым усе адпраўляліся ў хату маладога. Ставілі на кут ёлку і ікону, пілі ды гулялі. Каравай падзялялі ці ў гэты дзень, ці на наступны.
Расплятанне касы. Бліжэй да апоўначы брат маладой пад абрадавыя спевы выводзіў сястру на цэнтр хаты, здымаў з яе вэлюм і расплятаў косы – як замужняя жанчына яна павінна насіць дзве касы. Свякроўка адорвала нявехну падарункам і апранала ёй хустку, ці вяночак, прыгаворваючы: «Цяпер ты, Любушка, не дзявіца. Цяпер ты маладзіца».
Абрад «Драць курыцу» месцамі захаваўся і сёння, прычым не толькі на тым баку Сожа. Ён насіў крыху жартлівы, аднак устойлівы характар: на трэці дзень вяселля сваты з абодвух бакоў збіраліся разам, пераапраналіся ражанымі, лавілі курыцу, скублі птушку і перадавалі «ахвяру» маладой, якая варыла з ёй крупнік і частавала ўсіх гасцей. І зноў музыка і танцы гучалі да самага вечара.
В

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика