Заступнік і абаронца Мікола Угоднік

На зямлі, бадай што, няма ні аднаго чалавека, які б хоць раз у жыцці не ўспомніў імя Госпада ці святых. Лічыцца, што хутчэй і ахвотней за ўсіх адгукваецца на просьбы і малітвы паствы вялікамучанік Мікалай.
Мабыць, таму да гэтага цудатворцы больш за ўсё звяртаюцца людзі падчас бяды ў цяжкую хвіліну, просяць быць заступнікам у пачынаннях, на судовых справах, у дарозе і мораплаўстве. Простыя сяляне адбіваюць паклоны святому на добры ўраджай, за здароўе блізкіх і дабрабыт сям’і.
У многіх вёсках Мікольшчына стала галоўным прыстольным святам, дзе праводзіцца абрад пераносу свячы. На жаль, гэта відовішчная дзея падтрымліваецца толькі ў асобных населеных пунктах Чачэршчыны. Па-ранейшаму ўрачыста і масава адзначаюць зімовае мікольскае свята ў аграгарадку Матнявічы. Раней тут існавала аж чатыры свячы Свяціцеля Мікалая і столькі ж Прачыстай Дзевы Марыі – амаль на кожнай вуліцы з хаты ў хату перадаваліся іконы праведнікаў, адбываліся богаслужэнні. У гэтым годзе старажытны абрад быў падтрыманы на Лясной і Садовай. Муж і жонка Святлана і Сяргей Ляднёвы прымалі бясцэнную святыню ад Ларысы і Аляксандра Серыкавых. З раніцы гаспадары запалілі каля абразоў лампаду і свечкі, святар айцец Васіль адслужыў малебен, у хату да шчодрага стала сабраліся госці. «Шкада аддаваць ікону, – уздыхае Ларыса Іванаўна. – Мікалай Угоднік дапамог мне вярнуцца да жыцця пасля апошніх родаў, аднавіць сілы. Я яму так удзячна…»
Такі ж царкоўны рытуал быў праведзены на падворку Леаніда і Наталлі Патапенкаў, якія на куце ўласнага дома цэлы год захоўвалі лік заступніка Мікалая. І пакуль настаяцель батвінаўскага Храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы айцец Аляксандр на абедні 19 снежня ўсхваляў Усявышняга і ўсіх святых, у суседняй хаце Фаіна Рыгораўна Патапенка з нецярпеннем чакала ўрачыстага моманту прыёму свячы. Да малітвы сабраліся не толькі жыхары Матнявіч, але і веручыя з суседніх вёсак. Было тут і шмат моладзі. Хлапцы і дзяўчаты, маці з малымі дзецьмі выстраіліся каля варот хаты Патапенкаў і, тройчы наклаўшы на грудзі крыж і пацалаваўшы ікону, падлазілі пад ёй, каб Госпад і Цудатворца Мікола даравалі ім добрае самаадчуванне, долю і Боскую ласку.
Згодна традыцыі, свяча хадзіла з двара ў двор спачатку на адным баку вуліцы, потым на другім. Кожны жадаючы на працягу года мог прыйсці і памаліцца перад абразамі, папрасіць дапамогі і літасці нябёсаў. Людзі прыносілі рублі, аброкавыя іконкі, а непасрэдна на абрад абавязкова вузельчык зерня са словамі: «Каб зямелька радзіла, каб скаціна пладзіла, каб куры нясліся, каб грошы вяліся». Перад вынасам святыні дарогу да падворка, куды пераязджае духоўная каштоўнасць, высцілалі спецыяльна нарыхтаванай у снапах з восені саломай, якую потым вяскоўцы падбіралі з зямлі і вешалі ў сваіх хлявах, як абярэг ад хвароб хатняй птушкі і жывёлы. Мікольскую свячу мелі права несці толькі хлапцы ці мужчыны, а на Прачыстую – дзяўчаты, або маладзіцы. Хлеб-соль, якім мяняліся гаспадары, напрыканцы гуляння рэзалі на кавалачкі і раздавалі ўсім прысутным.
…На двары дождж, снежная завіруха, або спёка, у агародзе не расце гурок і сохне капуста, не складваецца лёс у дачкі, занядужыла дзіцяці – станьце каля чырвонага кута, запаліце васковую свечку, схіліце галаву перад абразамі святых і памаліцеся. Святло чароўнага агня і вера ў Бога абавязкова дапамогуць у горы і роспачы. Трэба толькі духоўна абагаціцца, дараваць бліжняга, несці дабро і дзяліцца любоўю. Калі ў душы светла, на зямлі – шчасна.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика