Чачаран сустракала сталіца

20151211_174631Непаўторныя ўражанні і шмат станоўчых эмоцый атрымалі ад сустрэчы з цудоўным меркулавіцкія музыкі Любоў Галубіцкая і Валерый Казлоў, якія прынялі ўдзел у гала-канцэрце лаўрэатаў Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік».
Аматараў ігры на народных інструментах і прыхільнікаў музычнага фальклору юбілейны 25-ты фэст сабраў у чэрвені гэтага года ў горадзе Паставы. А на мінулым тыдні самыя лепшыя віртуозы Беларусі выйшлі на сцэну вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Ад Гомельскай вобласці на заключнае ўрачыстае мерапрыемства была запрошана кіраўнік народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Чачэрскі гармонік» Любоў Галубіцкая.
Для мяне гэта прыемны сюрпрыз і невыказная радасць, – шчыра дзеліцца сваімі пачуццямі Любоў Аляксандраўна. – Справа ў тым, што «Чачэрскі гармонік» у 1993 годзе быў створаны менавіта ў рамках правядзення плануемага фестывалю, дзе чачаране паказалі свой багаты талент і прывезлі шэраг узнагарод. Менавіта з таго дня пачаўся творчы шлях, прызнанне і шырокая слава гурта. Пра тое сведчыць факт, што я і Валерый Аляксеевіч сталі ўдзельнікамі мінулай юбілейнай сустрэчы. Мне пашчасціла трапіць на такое адметнае свята ў трэці раз, стаяць перад аўдыторыяй разам з вядомымі калектывамі «Дударыкі», «Палешукі», «Спадчына», «Гуды», Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча  і баранавіцкім «Фэстам» – аўтарам усімі любімай песні «Братка беларус», якую нашы артысты таксама вельмі любяць выконваць. Мінчанам і гасцям горада прапанаваліся чачэрскія найгрышы мясцовых танцаў і песенных кампазіцый. Гледачы цёпла і сардэчна віталі кожны канцэртны нумар, бо падчас выступлення прымянялася толькі жывая музыка, без усялякіх фанаграм-мінусовак. Энергетыка адчувалася самая што ні на ёсць натуральная, народная. Здаецца, у цябе за спіной выраслі крылы, душа разгарнулася і заспявала, ты па-сапраўднаму адчуў сябе годным беларусам. Мы з калегам вярнуліся дадому ў тры гадзіны ночы, а я нават не адчула стомы, настолькі атрымала зарад станоўчых эмоцый, пазітыву, задавальнення і бадзёрасці. Адно шкада – духоўныя каштоўнасці ўсё ж такі слаба пераймаюцца моладдзю, губляюцца мясцовыя традыцыі і мяльчэюць фальклорныя плыні. Вось і «Чачэрскаму гармоніку» не лішнім было б умацаваць свой творчы патэнцыял, каб да нас далучыліся маладыя здольныя спевакі і музыканты. Мы гатовы перадаць ім і вопыт, і рэпертуар, і любоў да матчынай песні. Беларуская вусная творчасць і этнічная культура – гэта наша бацькаўшчына, наш нацыянальны скарб, наш заўтрашні шчаслівы дзень.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика