ГЛЕБА І НАСЕННЕ ПАД БУДУЧЫ ЎРАДЖАЙ

Гэта толькі здаецца недасведчаным асобам, што пасля збору ўраджаю і да падрыхтоўкі да сяўбы будучага ў сельскай гаспадарцы надыходзіць зацішша. Але і ў гэты прамежкавы перыяд таксама работы хапае. Скончылі нарыхтоўку кармоў. Узяліся за падрыхтоўку глебы: зябліва паднялі, застаецца дагадзіць маці-зямлі, каб на наступны год чакаць ад яе належнай аддачы, менавіта ад багатага і правільнага ўгнаення залежыць шчодрасць карміцелькі. Перыяд унясення мінеральных тукаў і арганічных угнаенняў зараз у самым разгары. А пакуль не змаўкаюць трактары на палях, не спыняецца праца і ў засеках сельгаспрадпрыемстваў. Менавіта зараз трэба падрыхтаваць збожжа, з якога ў наступным сезоне вырасце новы ўраджай. Па плану сельгаспрадпрыемствам Чачэршчыны неабходна пакласці на захаванне (з улікам страхавога фонду) 2066 тон насення зерневых і зернебабовых культур. Даведзенае заданне паспяхова выканана. Але пакуль не ўсё падрыхтаванае збожжа адпавядае пасяўным патрабаванням. У цэлым па раёну да 9 лістапада было ачышчана насення крыху менш за палову ад даведзенага плана, а менавіта 967 тон. ААТ “Отар” ужо цалкам выканала заданне. І зверх плана ў згаданай насеннай гаспадарцы падрыхтавана да рэалізацыі 160 тон ячменю і 100 – пшаніцы. На 76 з паловай працэнтаў выканалі заданне па ачыстцы насення ў КСУП “Звязда”; “Роўкавічы” з неабходных 334 тон зерневых і зернебабовых ачысцілі 186 тон (55,7%) і КСУП “Вазнясенск” амаль на 50 працэнтаў засыпанага насення давялі да кандыцыі. У астатніх сельгаспрадпрыемствах раёна пакуль згаданы від працы выконваецца не так актыўна. Вельмі марудна праводзяць ачыстку насення ў гаспадарках “Нісімкавічы” і “Палессе”. Дарэчы, ў апошняй некандыцыйныя па ўсходжасці авёс і зернебабовыя. Такая ж праблема паўстае і з асобнымі партыямі збожжавых у КСУПах “Нісімкавічы”, “Батвінава”, “Роўкавічы”. Таму тут прыйдзецца набываць больш якаснае насенне.
Рэпрадуктыўны ж склад насеннай базы раёна ў цэлым неблагі: для сяўбы зерневых першай рэпрадукцыі маецца 1363 тоны (66%), другой – 522 тоны (25,3%) і 145 тон (7%) – трэцяй, а таксама 36 тон (1,7%) зернебабовых далейшых рэпрадукцый.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика