ЁСЦЬ ПРАБЛЕМНЫЯ МОМАНТЫ
Год 2013-ы непрыкметна мінуў і застаўся за спіной. Не лішнім будзе нагадаць яго вынікі, якія з’яўляюцца падмуркам дня сёняшняга. Асабліва важна ведаць абставіны ў галіне сельскай гаспадаркі, як адной з галоўных сфер жыццядзейнасці Чачэршчыны. Пра тое наша размова з выконваючым абавязкі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В.ШКАРАЕДАВЫМ:
– Васіль Пятровіч, як у цэлым можна ацаніць дзейнасць нашых сельгаспрадпрыемстваў за мінулы год?
– За вышэйзгаданы перыяд бясстратную работу забяспечылі ўсе гаспадаркі. Аднак у сувязі з ростам растрат на вытворчасць прадукцыі, дзе адбіўся дыспарытэт цэн паміж прадукцыяй сельскай гаспадаркі і матэрыяльнымі рэсурсамі для яго абслугоўвання, назіраецца зніжэнне прыбытку ад рэалізацыі на 3,0 млрд. рублёў да ўзроўню 2012 года. Рэнтабельнасць продажу ўпала на 3,8 працэнтных пункты і склала 13,9% пры заданні 8-9%. Не ўсімі сельгаспрадпрыемствамі выкананы даведзеныя заданні: напрыклад, у КСУП “Батвінава” з васьмі прагнозных паказчыкаў “завіслі ў паветры” шэсць, у ААТ “РоўкавічыАгра” і КСУП “Вазнясенск” – па пяць. Заданне па валавай прадукцыі не змагла забяспечыць ні адна гаспадарка.
– Халодную пару года ў пэўнай меры можна назваць для працаўнікоў вёскі часам зацішша. Аднак жывёлаводам наадварот даводзіцца працаваць у складаны зімова-стойлавы перыяд. Давайце пагаворым пра паспяховыя і праблемныя моманты ў вытворчасці прадукцыі.
– Так, складанасці існуюць. Скажам, не на належным узроўні вядзецца работа ў КСУПах “Батвінава” і “Палессе”, ААТ “РоўкавічыАгра”. Па валавай вытворчасці малака і мяса гэтыя гаспадаркі не выйшлі на ўзровень 2012 года. Галоўная прычына – невыкананне тэхналогіі кармлення і ўтрымання жывёлы, вядзецца недастатковы кантроль за раздачай канцэнтрыраваных кармоў у залежнасці ад прадуктыўнасці і перыяду лактацыі, мае месца факт незбалансаванасці рацыёна па пажыўных рэчывах, частыя паломкі тэхнікі на падвозцы і раздачы кармоў, высокія нагрузкі на жывёлаводаў. У КСУПах “Батвінава” і “Палессе” на адну карову па выніках года надоена 3 541 і 3 537 кілаграмаў малака, што ніжэй раённага паказчыка адпаведна на 976 і 980 кг. Выйшлі з мінусам па надоях на адну ўмоўную адзінку да 2012 года ў КСУП “РоўкавічыАгра” (-583 кг). Разам з тым, сярэдні надой па раёну складае 4517 кг, (+32 кг да 2012 г.). Звыш 5,5 тоны малака атрымана ад адной каровы ў ААТ «Отар» (+420 кг). Прырост на адну ўмоўную адзінку ў 755 кг забяспечаны працаўнікамі КСУП «Вазнясенск».
– Ці можа раён пахвастаць рэнтабельнасцю рэалізацыі малака і як вядзецца яго продаж класам экстра?
– Па выніках студзеня-лістапада 2013 года рэнтабельнасць малака да адпаведнага ўзроўню 2012 года знізілася на 27,8%, чаму ў вялікай меры пасадзейнічала слабая яго якасць. Удзельная вага малочнай прадукцыі, рэалізаванай класам экстра, за адзначаны перыяд склала 30,7% па раёну, хаця ў 2012 годзе было прададзена гэтым гатункам 55,1%. Ні адной тоны якаснага малака экстра не адправілі на продаж дзяржаве ў КСУП “Палессе”, усяго 1,8% рэалізавана гэтай прадукцыі ў ААТ “РоўкавічыАгра” і 13,1% у КСУП “Батвінава”. А вось раўняцца ў гэтым накірунку рэкамендую на вазнясенскіх, залескіх і отарскіх жывёлаводаў, дзе продаж малака дадзенага стандарту дасягнуты 57,2, 40,2 і 36,4 працэнтаў адпаведна.
– А як абстаяць справы з мясной прадукцыяй?
– Сярод гаспадарак выдзяляюцца ААТ “МатнявічыАгра”, дзе спрацавалі на 105,8% да ўзроўню 2012 года, і ААТ “Отар” – 106,1%. Што тычыцца рэалізацыі прадукцыі, то за мінулы год раён выйшаў на паказчык 117,4%. Лепш за ўсіх гэту работу правялі ў ААТ “Звязда” – 619 тон, тэмп росту 124% і ААТ “Отар” – 623 т з тэмпам росту 107%. У агульнай жа сетцы, па прычыне павелічэння выдаткаў на вытворчасць мяса буйной рагатай жывёлы, адбыўся “абвал” рэнтабельнасці здадзенай прадукцыі з 26,5% у 2012 годзе да 1,5% у мінулым. Усё гэта як вынік нізкай прадуктыўнасці і перарасходу кармоў.
– Зразумела, такое становішча спраў не зусім добра ўплывае на заробак.
– Так, невысокі яго ўзровень у КСУП “Палессе” – 2,9 млн. рублёў, ААТ “РоўкавічыАгра” – 3,1 млн. рублёў. Хаця отарскія жывёлаводы атрымоўваюць звыш 5,7 млн. руб, у ААТ “Звязда” і “МатнявічыАгра” працаўнікам выдаюць звыш чатырох мільёнаў. У цэлым па раёну ў сярэднім заработная плата складае 4,2 млн. рублёў і вырасла да ўзроўню 2012 года ў 1,4 разы. Так што ёсць над чым працаваць і з каго браць прыклад.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
