Ці РАДУЕ ГОРАД ПРЫГАЖОСЦЮ?
Больш за 30 арганізацый і прадпрыемстваў Чачэрска былі правераны ў ходзе санітарнага агляду ў мінулую сераду. Увага надавалася знешняму выгляду будынкаў, добраўпарадкаванню на прылягаючых тэрыторыях, наяўнасці малых архітэктурных форм.
Як заўважыў старшыня райвыканкама І.І.Ком, на гэты раз назіраюцца значныя зрухі, адзнакі за санітарнае становішча ставіліся вышэйшыя. Значыць, сярод кіраўнікоў і працоўных калектываў адчуваецца паразуменне, прысутнічае дух спаборніцтва. Прыемна здзівіў падрыхтоўкай да свята КДУП “Чачэрскі КБА”, выдатную адзнаку атрымаў філіял АСБ “Беларусбанк”, дзіцячы сад №5, раён электрычных сетак.
Зусім дрэнна падрыхтаваны да свята шматпавярховы дом па вуліцы Першамайская,7”А”. Яшчэ год назад на адным з пад”ездаў быў зняты казырок, які і сёння валяецца каля ўваходу. Вакол дома смецце, прасла паламанае, стаяць старыя гнілыя лаўкі (на здымку). У бліжэйшыя дні, як сказаў Іван Іванавіч, сітуацыю неабходна выправіць. Таксама трэба за гэты час ліквідаваць старыя пабудовы па вул.Леніна, што належаць ААТ “Отар”, паставіць агароджу па перыметру сада вінзавода па вуліцы Савецкая. Але ў цэлым работа па добраўпарадкаванню прызнана здавальняючай.
