Штодзённыя сялянскія клопаты Аляксея Капралава
Жывёлавод па догляду за дойным статкам Аляксей Капралаў з сельгаспрадпрыемства «Звязда» прызнаўся, што вясковая праца яму па душы. А яшчэ на сяле спакойна, утульна, добра дыхаецца на свежым паветры на беразе старога Сожа.
Бацькі Аляксея пасля чарнобыльскай катастрофы пакінулі сваё любімае Загор’е і паехалі абжывацца на новае месца ў Гомель. Там і нарадзіўся іх сын. Пасля заканчэння Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа па спецыяльнасці тэхнік-механік юнак папрасіўся на адпрацоўку ў «Звязду», там круціў баранку УАЗіка да арміі. У сельскай мясцовасці яму вельмі спадабалася. Пасля службы ва Узброеных Сілах у 2016 годзе зноў вярнуўся ў гаспадарку і быў прыняты на работу на новы малочнатаварны комплекс. Тройчы на дзень Аляксей корміць больш за 600 галоў буронак і цельнага пагалоўя: напаўняе кармавы стол сенажом і сіласам, выдае камбікорм, сочыць за свежым подсцілам і чысцінёй у вытворчых памяшканнях. У камандзе жывёлаводаў, дзе працуе хлопец, 3 чалавекі. Яны забяспечваюць догляд рагулям у трох хлявах і на рабочае месца выходзяць па графіку – два дні працоўных, адзін выхадны. Рэжым работы задавальняе, калектыў дружны, кіраўніцтва ва ўсім садзейнічае і падтрымлівае, заробак неблагі. Аляксей пакуль не мае ўласнай сям’і, таму на пражытак хапае з лішкам. Нават набыў легкавы аўтамабіль, а гэта гаворыць аб тым, што неабходныя ўмовы для жыцця і наладжвання сваёй будучыні ў яго вартыя. Праўда, хлопец пакуль што кватаруе ў цёткі ў Залессі. Алена і Рыгор Малашкіны таксама людзі вясковыя, працуюць у «Звяздзе» – яна аператарам машыннага даення на комплексе, а ён на адкорме бычкоў на МТФ №1. Сямейны падрад, што называецца. Аляксей дапамагае родным справіцца з хатнімі клопатамі, заўсёды падставіць плячо ў вясенне-пасяўных і восеньскіх работах. А іх у чалавека на вёсцы заўсёды даволі.
