У гімназіі г.Чачэрска адбылася героіка-патрыятычная эстафета

Адкрыццё раённай героіка-патрыятычнай эстафеты «Установа высокай культуры», прысвечанай 70-годдзю Вялікай Перамогі, адбылося на гэтым тыдні ў гімназіі г.Чачэрска.
Амаль што на гадзіну навучэнцы ўстановы адукацыі, настаўнікі і запрошаныя на мерапрыемства госці нібы перанесліся ў той далёкі час, калі на нашу краіну абрушыліся ваенныя падзеі. Даволі паказальна, што сённяшняя моладзь памятае аб вялікім подзвігу дзядоў і прадзедаў, ведае аб тых стратах, што панесла ў час Вялікай Айчыннай чачэрская зямля. За гады ваеннага ліхалецця на тэрыторыі раёна ворагамі было знішчана 5026 сялянскіх двароў і 323 будынкі, спалена 31 школа і 14 вёсак. Людзі незалежна ад узросту, полу і нацыянальнасці падвяргаліся зверскім катаванням і расстрэлам. Так, фашыстамі забіта 1853 чалавека, 1379 – сасланы ў канцлагеры. Добра ведаюць юныя гімназісты і пра партызанскі рух на Чачэршчыне, памятаюць імёны герояў-землякоў. Дзякуючы партызанам удалося знішчыць 162 варожыя аўтамашыны, 23 матацыклы і 1 самалёт. На працягу тыдня ва ўстанове адукацыі ладзіліся кніжныя выставы, конкурсы малюнкаў, чытальнікаў, патрыятычнай песні. Дэманстраваліся мастацкія фільмы, праводзіліся класныя гадзіны на ваенную тэматыку.
Заўтра пасля таварыскай спартыўнай сустрэчы эстафета будзе перададзена ад гімназістаў да вучняў сярэдняй школы №1. Будзем помніць і шанаваць нашу гісторыю, цаніць жыццё і сённяшні дзень.