ВЯСНОЙ 45-ГА ГОДА

IMG_0054Народнае свята Дзень Перамогі, па думках многіх чачаран, у гэтым годзе адбылося на ўзнёслых пачуццях і нават выклікала ў некаторых слёзы. Пенсіянерка Марыя Андрэеўна Селязнёва прызналася: “Я заўсёды Перамогу сустракала з радасцю, з настроем, а сёння чамусьці расплакалася… Вось паглядзела на нашых дзетак і душа зайшлася”. Магчыма, такая чалавечая чуллівасць звязана з падзеямі на Украіне, а мажліва, фантан хвалявання ахапіў людзей па нейкай іншай прычыне, але сэрца трапятала, нібы тыя кумачовыя сцягі на дрэўцах. На жаль, у святочнай калоне, якая рухалася на Замкавую гару, на гэты раз не было ні аднаго ветэрана, свой пераможны трыумф яны адзначалі дома – у большай ступені абаронцам Радзімы ўжо пад 90. Затое жыхары горада выйшлі на галоўную плошчу асабліва ўрачыста: кветкі, беларуская сімволіка, паветраныя шары, на грудзях – медалі за працоўныя дасягненні, атрыманыя падчас тэрміновай службы ў радах Савецкай Арміі. Уладальнікі дзяржаўных узнагарод не пасаромеліся паказаць іншым свае заслугі перад Айчынай, і гэта правільна – сучаснікам ёсць чым пахвастаць перад дзядамі, іх золата “іграла” сонейкам на парадных пінжаках, яно не горш за ваеннае, атрыманае салдатамі саракавых у баях з ворагам. Аддаўшы даніну памяці жывым і мёртвым, святочная працэсія накіравалася да дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы – там ключ ад установы пасля яе капітальнага рамонту дырэктару ДЮСШ Юрыю Канцавенку ўручыў дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Чачэрскага раёна Сяргей Атрашкоў. На цырымоніі адкрыцця прысутнічаў госць з вобласці – намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама В.Шаўчэнка адзначыў, што мець у невялікім  раёне   такі шыкоўны спартыўны будынак  –  вялікая ўдача. Зараз застаецца толькі старанна займацца падрыхтоўкай таленавітых спартсменаў і чакаць ад юных выхаванцаў добрых вынікаў і новых алімпаў славы. Сваё відовішчнае выступленне прадставілі гімнасты з Гомеля.
…Усмешкі, віншаванні, словы падзякі ветэранам, абдымкі і салёная вада на павеках – такім было мінулае свята нашай беларускай незалежнасці, нашай перамогі, нашага мірнага шчаслівага жыцця. Па вуліцах горада гуляла моладзь і маладыя маці з дзецьмі, у гарадскім парку цалаваліся закаханыя, а на ўтульных лаўках маладога скверыка адпачывалі сямейныя пары і пенсіянеры. Бліжэй да вечара вулкан энергіі, казачы тэмперамент і маладзецкую ўдаласць прадэманстравалі падчас канцэртнага выступлення артысты мінскага ансамбля “Гуляй, казак!”. А завяршылася гулянне традыцыйным салютам. Дзень Перамогі – наш дзень, бо ўсе мы – вольныя беларусы, і гучна гаворым вайне і агрэсіі: “Не!”.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика