Зямля прыгожых пейзажаў і талентаў

IMG_1641
У 1930 годзе быў заснаваны Ленінскі сельскі Савет. У яго склад уваходзяць  дзесяць населеных пунктаў, дзе пражываюць 635 жыхароў. Цэнтрам  Савета  з’яўляецца аграгарадок Вазнясенскі, які раскінуў  свае вуліцы на прыгожых прасторах прыроднага ландшафту. Гэтыя мясціны вабяць вока не толькі сяльчан, але і гасцей раёна, турыстаў.
Цудоўная зямля ўзрасціла  сапраўдных сыноў і дачок Радзімы. Ганарацца мясцовыя жыхары стараннем  і  адказнасцю лепшых працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці – аператараў машыннага даення Святланы Бяляевай, Васіля Іванчыка, жывёлавода  Аляксандра  Зялёнага, ініцыятыўных і адданых працы настаўнікаў Тамары Івалгінай, Ніны Ключынскай, спартыўнымі дасягненнямі  чэмпіёнкі свету па  акадэмічным веславанні,  сярэбранага  прызёра чэмпіянату Еўропы ў 2009 годзе   Зінаіды Ключынскай.
На працягу года  вяскоўцы актыўна  прымалі ўдзел у розных  мерапрыемстах.  Гэта спартакіяды, турыстычныя злёты, інтэлектуальныя віктарыны “Што? Дзе?  Калі?”, маладзёжны сельскагаспадарчы праект “Уладар сяла” і інш. У гэтым годзе  падчас святкавання Хрышчэння Гасподня  ўпершыню змаглі акунуцца ў мясцовай купелі і адчуць на сабе боскую мілату  прыхільнікі традыцыйнага праваслаўнага рытуалу.
Шмат можна гаварыць аб годнасцях сельсавету, але ў мінулую пятніцу давялося яшчэ многае і ўбачыць. Бо самыя артыстычныя  вазнясенцы выйшлі на сцэну кінаканцэртнага цэнтра “Акцябр”, каб прадэманстраваць гледачам свае таленты. У канцэртнай праграме вечара-партрэта прынялі ўдзел навучэнцы Камуна-Ленінскай установы адукацыі, таленавітая моладзь, працаўнікі КСУП “Вазнясенск”, прадстаўнікі аматарскага аб’яднання “Вясёлка”. Адметна, што ў творчых нумарах знайшлі сваё адлюстраванне вясковыя, працоўныя і патрыятычныя матывы.  Ліліся песні, прасякнутыя  любоўю да роднага краю. Пра гатоўнасць і ахвоту да нялёгкай сельскагаспадарчай працы расказалі ў сцэнцы маладыя спецыялісты. Знайшлося месца на творчай вечарыне і гумару. Вострыя жартачкі падчас прадстаўлення школьнага клуба вясёлых і знаходлівых  адпускалі мясцовыя навучэнцы.
Варта адзначыць, што сярод перадавых працаўнікоў сельгаспрадпрыемства вызначаюцца яшчэ і творчыя асобы. Такім прыкладам  можна лічыць аператара машыннага даення Васіля Іванчыка, які не толькі дасягае добрых паказчыкаў, але і артыст цудоўны.
Так трымаць і далей!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика