Вёска Бабічы: 540 гадоў тут гартавалася жыццё і слава роднага краю

Айцец Васіль асвяціў дары саду.

У Бабічах у 13-ты раз адзначалі брэндавае народнае свята Яблычнага Спаса. Сімвалічна, што сёлета яно супала з днём нараджэння населенага пункта – вёсцы споўнілася 540 гадоў.

Пра тое, што людзі аблюбавалі гэты светлы куточак зямлі яшчэ ў старажытнасці, сведчыць знойдзены археолагамі курганны могільнік. Пасяленне на мяжы Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскага княства афіцыйна вядома з 1503 года, але ёсць і значна ранейшыя згадванні, якія датуюцца 1483 годам. У інвентары Чачэрскага стараства вёска лічыцца з 1704 года. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай уваходзіла ў склад Расійскай імперыі. За доўгія гады развіцця тут адбылося шмат падзей, нараджаліся людзі, якія праславілі сваю малую радзіму талентам, мужнымі подзвігамі, працоўнымі дасягненнямі. У XVІІІ стагоддзі ў Бабічах дзейнічала адна з самабытных школ беларускага іканапісу. Мясцовыя мастакі арыентаваліся ў сваіх работах на вядомых іканапісцаў эпохі Адраджэння і стылю барока. Бралі за ўзор гравюры з еўрапейскіх шэдэўраў, былы ўладар Чачэрска граф Захарый Чарнышоў запрашаў на «майстар-класы» італьянскіх спецыялістаў. Творы мастакоў братоў Гераковых вылучаліся глыбіннай архаікай земляробчага строю, цёмным фонам абразоў і імпульсіўнай, каларытнай манерай пісьма. Апошнія з дынастыі Гераковых – Уладзімір і Гаўрыіл – жылі і працавалі напрыканцы XIX– пачатку XX стагоддзяў.

Шмат прозвішчаў знакамітых выхадцаў упісана ў гістарычны летапіс вёскі. Сярод іх сакратар Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б Іван Кавалёў, якога фашысты, як мяркуецца, закатавалі і спалілі ў канцлагеры «Трасцянец». Мясцовы ўраджэнец, кулямётчык 457-га стралковага палка 129-й стралковай дывізіі Аляксей Філіпенка стаў уладальнікам ордэнаў Славы трох ступеняў, што прыраўноўваецца да звання Героя Савецкага Саюза. Памяць аб іх – нязгасная. Вайна не пашкадавала ні вёску, ні яе жыхароў. Полымем пажару было знішчана каля 130 падворкаў, на фронце паклалі сваё жыццё за свабоду і незалежнасць краіны больш 120 чалавек. На бабіцкіх могілках – помнік загінуўшым і забітым мірным грамадзянам, сярод якіх Марыя Шкалянкова і шасцёра яе дзяцей.

Ішоў час, адраджалася і прыгажэла змучаная і палітая слязамі бабіцкая зямля. Мясцовыя жыхары адбудавалі хаты, старанна працавалі, здабывалі хлеб і рыбу, карміліся дарамі лесу і займаліся рознымі промысламі – бондарствам, ганчарствам, лазапляценнем, ткацтвам і г.д. Для захавання народных каштоўнасцей і этнаграфіі ў студзені 2017 года пры бабіцкай культустанове адкрыўся цэнтр ткацтва, дзе сабраны прадметы вясковага побыту, рушнікі. У зборы экспанатаў прымалі ўдзел многія вяскоўцы, але больш за ўсіх дапамогу ў фарміраванні выставачных матэрыялаў аказалі Міхаіл Краўцоў, Таццяна Маркоўская і Вера Цеплякова. Дарэчы, Вера Пятроўна адна з самых старэйшых удзельніц народнага калектыву «Лёс», які ў мінулым годзе адзначыў 50-годдзе з дня заснавання. На свяце ганаровую грамату райвыканкама за прапаганду мясцовых традыцый і спеўнае майстэрства салістцы гурта ўручыла намеснік старшыні райвыканкама Юлія Басаргіна, а ад імя старшыні райсавета дэпутатаў за адраджэнне і падтрыманне вясковага жыцця адзначаны дэпутат Аляксей Маркоўскі. Добрым словам Юлія Сяргееўна ўспомніла Ганну Гапеенка і гарманіста Пятра Біжунова, якія сваімі творчымі і працоўнымі дасягненнямі праславілі малую радзіму і любую Чачэршчыну. Такіх працавітых і старанных вяскоўцаў у Бабічах шмат, а вось самая старэйшая з жыхароў – 98-гадовая Аляксандра Міхалкоўская.

Узнагарода Аляксею Маркоўскаму.

На свята Яблычнага Спаса прыйшлі парадавацца і адвесці душу паважаныя юбіляры года: 85-гадовая Марыя Брайцава і Марыя Хімічава, якой споўніцца столькі ж у лістападзе. Марыя Максімаўна – каштоўная скарбніца народных традыцый і фальклору, носьбіт беларускай аўтэнтычнай культуры, яна дасканала ведае этнаграфію святаў, спявае «вяснянку», «праводзіны зімы», абрадавыя, вясельныя, сямейна-бытавыя песні. Марыя Матвееўна таксама шмат спявала – у полі, на сенажаці. Усё жыццё ў паляводстве, вырасціла 4 дзяцей, мае 8 унукаў і столькі ж праўнукаў. Яе бацька не вярнуўся з фронту, таму жанчына добра ведае цану шчаслівай сям’і. Таксама бабічане з любоўю адносяцца да свайго жылля. Заўсёды чыста і прыгожа каля падворка Наталлі Турмасавай, Людмілы Мудраковай, Аляксея Маркоўскага і іншых. Сапраўдная казка радуе вока каля будынка школы, шмат кветак на тэрыторыі лясніцтва.

Юбіляры года Марыя Брайцава і Марыя Хімічава.

Бабічы – унікальная вёсачка на беразе рэчкі Бялынкі. Тут жывуць старанныя, добразычлівыя і таленавітыя людзі. Усе яны – педагогі, культасветнікі, лесаводы, сяльгаснікі, медработнікі – шчыра любяць свой родны край, бацькоўскую хату і робяць усё магчымае, каб жыццё і надалей тут бурліла, чуўся дзіцячы смех, над дахам клякаталі буслы і не сціхала сардэчная матчына песня.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика