Музей хлеба выклікаў захапленне журналістаў і блогераў

Больш за 30 журналістаў і блогераў з усіх рэгіёнаў Беларусі аб’яднаў рэспубліканскі прэс-тур «Сем-Я. Гомельшчына гасцінная».

«Якое ўнікальнае месца», «А якая праграма», «Так гасцінна нас яшчэ нідзе не сустракалі»… – усаджваючыся ў аўтобус, дзяліліся ўражаннямі ўдзельнікі двухдзённага марафону, якія наведалі батвінаўскі Музей хлеба. А тое, што падарожжа абяцае быць вельмі займальным, госці маглі пераканацца яшчэ на парозе ўстановы культуры.

Ветлівая гаспадыня Ірына Нікішова і добры, пацешны Калабок задалі тон сустрэчы. Праз разьбяныя вароты праходзілі госці ў гасцінны двор, паветра якого вабіла водарам свежага хлеба.

Інтэрактыўныя гульні пад акампанемент «Меркулавіцкіх вячорак» і прыгажуня каза Манька выклікалі незабыўныя эмоцыі і ўсмешкі на тварах журналістаў і блогераў. Кожны з удзельнікаў туру трымаў на гатове свае тэлефоны, каб зафіксаваць самыя яскравыя моманты мерапрыемства. Відэарады гаджэтаў папоўнілі моманты майстар-класа па выпечцы каравая. Менавіта тут маладыя журналісты і блогеры, а іх сярод удзельнікаў была большасць, адкрылі таямніцы хлебапёкаў і даведаліся пра магічныя дзеянні, каб хлеб атрымоўваўся. Наведалі выставу, даведаліся пра ўсе этапы нараджэння бохана ад залатога зярнятка да каравая, убачылі экспанаты ад блакаднага ленінградскага хлеба да сучасных буханак з хрумсткай скарыначкай. Усё гэта выклікала непадробную цікавасць у гасцей. Яны наперабой сцвярджалі, што аб гэтым месцы абавязкова трэба расказаць на старонках сваіх газет і ў блогах. Але найбольш яркія эмоцыі і інтарэс выклікала дэгустацыя ўласна прыгатаваных у рускай печцы духмяных бублікаў. Вясёлыя беларускія песні і танцы закружылі працаўнікоў пяра і відэакамеры ў сяброўскім карагодзе. Вялікая культурная спадчына, любоў да сваёй Радзімы і захаванне традыцый продкаў – тое, што сапраўды яднае беларусаў. Мерапрыемства, якое пачынае цыкл дзей, прымеркаванных да Дня народнага адзінства, пакінула ў сэрцах удзельнікаў самыя цёплыя пачуцці і жаданне вярнуцца сюды зноў.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика