На сямі вятрах

Михалковский С
Сцяжынкі, па якім колісь хадзілі шустрыя  ногі вяскоўцаў  Новазалесся, замялі сцюдзёныя зімовыя вятруганы. Толькі і відаць, што вузенькая дарога да скупых гаспадарскіх падворкаў, якіх тут засталося ўсяго восем.
Калі напачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя пачалося абжыванне насельніцтвам раёна новых месцаў жыхарства, пераехалі на вольныя землі Бабіцкага сельсавета і залескія вяскоўцы. Пасёлак заснавалі ў чыстым полі, на “сямі вятрах”, таму адну з вуліц так і назвалі – Палявая. Адвялі перасяленцам па кавалку зямельнага плану для хат, нарэзалі кожнаму гаспадару па надзелу. Глеба дасталася навасёлам урадлівая, не лянуйся толькі, апрацоўвай і збірай багатыя ўраджаі. Так яно і было – хто шчыраваў на ўласным агародзе, у таго і ў кадушцы было поўна, і ў павеці не скупа. На двары вялася жыўнасць, статак у поле ганялі больш за 30 галоў. За пасёлкам хутка паставілі калгасную канюшню, а потым з’явілася і кашара для авечак. Брыгада рабочых выходзіла на сезонныя работы: вясной сеялі, летам апрацоўвалі палеткі, восенню вязалі снапы лёну і малацілі жыта. Роўна і гулка тарахцеў матор трактара механізатара Мікалая Кажуханава, стаптала некалькі пар ботаў і знасіла не адну аўчыну за 42 гады ў паляводстве Надзея Карпенка. Ну, а ўзімку быў час і для адпачынку. Любіў народ павесяліцца ў калядныя святы: збяруцца на агульную вечарыну і давай адзін перад адным трусіць спадніцамі, “заламваць шапкі”, ды ў бляшкі біць – хто каго пераспявае. А надаваў азарту аднавяскоўцам гарманіст Іван Шкурынаў. Калі ж нехта і засаромеецца паказацца ў танцах, ішоў тады ў мясцовую краму, якая дзейнічала на даму ў Івана Маслава. І, прыкупіўшы бутэлечку белага ці чырвонага “настрою” з градусамі, вяртаўся на пасядзелкі ўжо з большым аптымізмам.
Паспупова пасёлак разрастаўся: жаніхоў дзяўчаты заманьвалі з Бабіч, а нявест хапала сваіх. Так вось трапіў сюды і старажыл пасёлка Сяргей Міхалкоўскі. Заручыўшыся з маладой дзяўчынай Кацярынай, пабудавалі сабе дом у Новазалессі і нарадзілі ў ім чацвёра дзяцей. Сяргей Ягоравіч і сам са шматдзетнай сям’і, яго бацькі выхавалі сына і пяцёра дачок, за што Хрысціну Раманаўну ўзнагародзілі ордэнам “Мацярынская слава”. Доўгі час мужчына працаваў на сплаве лесу, займаўся будаўнічымі работамі. Яго працоўны стаж пераваліў аж за 40 гадоў. Ён трымаў на падворку пчол, вырабляў бочкі і кадкі, валяў валёнкі, плёў карзіны. Майстар на ўсе рукі, адным словам. Але зараз жыве адзін. Дзеці раз’ехаліся і рэдка адкрываюць дзверы матчынай хаты. Толькі сын Валянцін з Гомеля штотыдзень наведваецца, каб памыць бацьку ў лазні, прыбрацца ў пакоях, пацікавіцца яго здароўем. Першага лютага Сяргею Ягоравічу спаўняецца 85 гадоў. Але на самой справе, як сцвярджае старажыл, яму ўсе 87. Хоць і сумна сталаму чалавеку бавіць дні ў адзіноце, хоць і даводзіцца гадзінамі размаўляць з цішынёй, але ехаць з вотчыны пенсіянер не пагаджаецца – надта моцна прыкіпеў ён сэрцам да старой хаты. І нідзе, акрамя як на сваім ложку і пад сваёй коўдрай, яму так соладка не спіцца. Пажадаем жа Сяргею Ягоравічу добрага самаадчування і даўгалецця, бо на генным узроўні раўняцца ёсць на каго – яго маці пражыла больш за 100 гадоў.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика