СУСТРАКАЮЦЬ ШЧЫРАЙ УСМЕШКАЙ

Чачэрская гарадская бібліятэка, што размяшчаецца па вуліцы 50 год БССР, была заснавана ў 1984 годзе, як пункт выдачы кніг ад цэнтральнай раённай бібліятэкі. У сувязі з павялічэннем колькасці насельніцтва і з’яўленнем мікрараёна Новы ў 1985 годзе стала дзейнічаць як гарадская.
Сёння пастаянныя наведвальнікі гэтай установы адно ведаюць напэўна: калі і не атрымаецца знайсці на яе паліцах канкрэтны матэрыял, то ўсё роўна з пустымі рукамі не выйдзеш. “Чаму?”– спытаецеся вы. Ды таму, што бібліятэкар Антаніда Іванаўна Шалагіна абавязкова дапаможа знайсці неабходнае, а ў дадатак яшчэ і пару-тройку цікавых твораў прапануе.
– Бібліятэка заўсёды лічылася не толькі сховішчам кніг, і ў мінулым, і сёння гэта яшчэ і духоўны цэнтр, месца для творчага развіцця асобы. Таму работа нашай установы павінна адпавядаць свайму прызначэнню. Да таго ж трэба памятаць, што ў першую чаргу мы працуем для людзей, – гаворыць Антаніда Іванаўна.
Тут праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, конкурсы, віктарыны, арганізоўваюцца розныя кніжныя выставы. Зараз у бібліятэцы дзейнічае краязнаўчая экспазіцыя “Чачэршчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, прысвечаная 850-годдзю горада. У ліпені гэтага года адбылося ўрачыстае адкрыццё кутка Славы братоў Лізюковых, на якім прысутнічалі ветэраны вайны, педагогі і вучні школ. У фае бібліятэкі таксама размешчаны інфармацыйны стэнд, дзе прадстаўлены дакументальны матэрыял аб дзеянні 169-й Рагачоўскай Чырвоназнаменнай ордэнаў Суворава і Кутузава стралковай дывізіі. На базе гэтай установы створаны цэнтр ваенна-патрыятычнай літаратуры “Памяць”. Фонд яго зараз налічвае больш за 300 кніг. Сёння тут існуе публічны цэнтр прававой інфармацыі, які ўключае заканадаўства РБ і міжнародныя пагадненні.
– Дзеля зручнасці чытачоў у бібліятэцы асобна выстаўлена літаратура павышанага попыту,– працягвае расказваць бібліятэкар. – Гэта фантастыка, дэтэктывы, жаночыя раманы, мастацкія творы для падлеткаў і асобная паліца кніг для маленькіх дзетак. Ёсць куток «Дапамога школьніку», дзе размешчаны даведнік і энцыклапедычныя выданні па школьным прадметам, асобная паліца «Класікі рускай і беларускай літаратуры».
Наведвальнікі гарадской бібліятэкі задаволены работай гэтай установы. Некаторыя з іх адзначаюць папаўненне кніжных паліц за апошні час новым матэрыялам. А яшчэ выказваюць асаблівую падзяку гаспадыні маленькага кніжнага дома. “Прыемна, калі на парозе цябе сустракаюць шчырай усмешкай. Дзякуючы Антанідзе Іванаўне, тут створана атмасфера дабрабыту і ўтульнасці”, – так выказвае свае ўражанні ў пісьмовай падзяцы пастаянная чытачка Р.М. Рыжанкова. А яшчэ сюды спяшаюцца дзеці. Некаторыя з іх, дзякуючы дапамозе вопытнага і прафесійнага бібліятэкара, атрымалі ў пачатку навучальнага года першыя высокія адзнакі па літаратуры ў школе.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика