Творчы дуэт Івана Юдзіна і Аляксандра Брагіна

Сярод народных музычных інструментаў асабліва выдзяляюцца драўляныя лыжкі – гэта самае прасцейшае шумавое прыстасаванне. Сёння не шмат хто ўмее іх вырабляць. А вось чачаранін Іван Юдзін займаецца гэтым з задавальненнем.

Каб лыжка звінела і мела найлепшы гукавы эфект, неабходна правільна падабраць сыравіну, лічыць майстар-самавучка. Напрыклад, з ліпы яна выдае не такое якаснае гучанне. Звычайна славяне выраблялі гэты шумавы інструмент з дрэў больш цвёрдых парод – бярозы і клёну. Аднак каб лыжка «загаварыла» як след, важна ўлічваць яшчэ і таўшчыню матэрыялу, сілу ўдару і спрыт выканаўцы. Але на першым месцы – сама прылада. І перад тым, як пачаць стругаць драўніну, Іван Якаўлевіч пільна яе аглядае, правярае на якасць і толькі затым прыступае да справы. А любімым рамяством мужчына захапіўся зусім нядаўна. Таму паспрыяла знаёмства з акардэаністам Аляксандрам Брагіным. Ігры на гэтым музычным інструменце Аляксандр Іванавіч навучыўся ў Маскоўскім народным універсітэце мастацтваў. З таго часу трапна і віртуозна выводзіць матывы шматлікіх песень, але найбольш даспадобы яму танцавальныя найгрышы. Дома, у гасцях, на прыродзе ён заўсёды падбярэ неабходную мелодыю па густу, для душы і настрою.

А яшчэ радуе сваім талентам чачаран. Вось ужо каторы год Аляксандр Іванавіч наведвае аддзяленне дзённага прабывання для людзей сталага ўзросту ТЦСАН і выступае на публіку. Туды ж прыйшоў і Іван Якаўлевіч. Пазнаёміліся, разгаварыліся, аб’ядналіся. Адзін націскае на клавішы, другі ў такт акампанементу спрытна лупіць у лыжкі. Так і ўтварыўся іх творчы дуэт, які мяркуецца павялічыць да квартэта. У склад інструментальнай групы плануюць далучыцца салісткі ветэранскага хору «Жывіца», якія ўжо зараз шліфуюць свой музычны спрыт на святочных вечарынах і пасядзелках за круглым сталом. Безумоўна, трашчотка і бубен гарманічна дапаўняюць музычную афарбоўку канцэртных нумароў, а жаночая харызма і пікантнасць разбаўляюць мужчынскі склад артыстаў.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика