Раённая газета – жаданы госць у яе хаце

На жыццёвым шляху паважанай жыхаркі з Меркулавіч Ніны Зосімаўны Цітовай здаралася шмат розных падзей, лёс зводзіў з добрымі людзьмі і сябрамі. Але самым верным таварышам, дарадчыкам і жаданым госцем у хаце пенсіянеркі была і застаецца раённая газета.

Яшчэ ў 1965 годзе пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума, калі Ніна Зосімаўна прыехала на Чачэршчыну малодзенькай дзяўчынай, яна стала не толькі жыхаркай краю, але і пастаянным падпісчыкам «Чачэрскага весніка». Будучы вядучым аграномам-насенневодам эксбазы «Меркулавічы», уважліва сачыла за тым, як працуюць яе калегі, якіх поспехаў дасягаюць аграрыі суседніх гаспадарак па надоях малака і прывагах жывёлы, наколькі цяжкім вырас колас на калгасных палетках. Даволі часта на старонках газеты друкавалася і яе прозвішча, як перадавога спецыяліста па бульбаводству. А дасягненні таго часу былі значныя. Нават сёння ў жанчыны захоўваецца копія справаздачы па вырошчванні другога хлеба за 2012 год – на той момант эксбаза атрымала 5 156 тон валу крахмальных клубеняў пры ўраджайнасці 257 цэнтнераў з гектара. Раёнка ўсхваляла плён Ніны Зосімаўны і калі яна выйшла на пенсію – яшчэ 18 гадоў жыцця аддала жанчына роднай гаспадарцы, будучы на заслужаным адпачынку.

Цяпер жа за падзеямі на палетках і фермах Чачэршчыны даведваецца са старонак «ЧВ». Яе ўвагу прыцягваюць матэрыялы пра людзей вёскі, вытворчыя дасягненні сяльгаснікаў, раённыя пераўтварэнні і ўсё, чым жыве наш працавіты шчодры край.       

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика