Песняй і музыкай «Лёс» паўстагоддзя душу сагравае

Дзень нараджэння – прыемная дата, а юбілей – сапраўднае свята. Асабліва, калі гэта тычыцца не аднаго чалавека, а складу людзей, аб’яднаных адной агульнай мэтай і творчым захапленнем. Ёсць нагода для такой радасці ў артыстаў народнага гурта народнай песні, музыкі і танца «Лёс» – калектыў адзначае 50-годдзе з дня заснавання.

Паўстагоддзя на сцэне, у віхуры шматлікіх падзей і мерапрыемстваў, з песняй, музыкай і пазітывам прайшлі бабіцкія захавальнікі мясцовых традыцый і фальклору. Спачатку вясковыя вечарыны бабічане ладзілі па хатах, праводзілі гулянні пад адкрытым небам. А калі пачалі арганізоўвацца калектывы мастацкай самадзейнасці, аб’ядналіся. Культработнікі хадзілі па падворках, запрашалі мясцовых жыхароў у артысты. Назву і жыццё калектыву даў яго першы кіраўнік, энтузіяст і віртуоз, шчодры на ўсмешку Аляксей Маркоўскі. Потым яго змяніў таленавіты майстар музычных варыяцый Пётр Біжуноў. Душу, спрыт, творчы запал і ўменні аддаў «Лёсу» адораны і апантаны гарманіст Васіль Карпоўскі, які таксама кіраваў дзіцячым танцавальным складам гурта. Так калектыў пачаў свой шлях па чачэрскай зямлі, услаўляючы родны край, малую радзіму і шчодра дорачы людзям сваё сэрца, настрой, аптымізм і багацце культурнай палітры. Загрымела слава заліхвацкіх спевакоў і гарманістаў.

Год за годам, песня за песняй – усё далей разносілася слава пра бабіцкіх носьбітаў народных традыцый. Папаўняўся рэпертуар, шліфаваліся канцэртныя нумары, адточвалася сцэнічнае майстэрства. Шквал авацый выклікалі выступленні артыстаў Кацярыны Разумавай, Таццяны Лахцеравай, Вольгі Багданавай, Надзеі Кавалёвай, Марыі Шкалянковай, Паліны Покусавай, Аляксея Карпоўскага і іншых. З першых дзён на сцэне Наталля Карпоўская, Ганна Цеплякова, Таццяна Селюкова, Ганна Гапеенка. Мяняўся час, аднаўляўся і ўмацоўваўся склад удзельнікаў. Сёння яны звязаны яшчэ і цеснымі роднаснымі сувязямі – сваякі, стрыечныя браты і сёстры, добрыя суседзі і сябры. Іх шчыра вітае аўдыторыя, бо, пачуўшы гармонік Валерыя Гапеенкі, найгрышы і аўтарскія творы «лёсаўскага» маэстра Пятра Біжунова, галасы спявачак Таццяны Назаравай, Веры Цепляковай, Наталлі Турмасавай і Людмілы Міхалкоўскай, хочацца і самому заспяваць. З юбілеем!

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика