Скарбніца народнай мудрасці і захавальнік традыцый – «Меркулавіцкія вячоркі»

Гэтымі днямі юбілей з дня заснавання адзначаюць артысты народнага фальклорнага гурта «Меркулавіцкія вячоркі» – захавальнікі этнічнай скарбніцы народнай мудрасці, дабрыні і вераванняў на чачэрскай сцэне і за яе межамі вось ужо паўстагоддзя.

Калі ў Меркулавічах не было клубнай установы, жыхары пасля напружанага працоўнага дня збіраліся на вячоркі ў адной з хат, спявалі матчыны песні, танчылі і праводзілі народныя абрадавыя дзеі. А ў 1972 годзе па ініцыятыве тагачаснага дырэктара ЦСДК Алены Бозікавай быў створаны і пачаў актыўна дзейнічаць пад яе кіраўніцтвам калектыў мастацкай самадзейнасці, якому ў 1993-м прысвоілі званне народнага. У аснове канцэртных выступленняў спачатку пераважаў мясцовы фальклор, карагоды, беларускія найгрышы. Алена Фёдараўна па крупінцы збірала скарбы музычна-спеўнай самабытнасці, аднаўляючы і захоўваючы духоўна-культурныя каштоўнасці, сярод якіх унікальныя «Меркулавіцкая кадрыля», «Ойра», «Базар», «Полька з фігурамі», старажытнаславянскія абрады «Ваджэнне куста» і «Выкліканне дажджу», а таксама Зажынкі, Дажынкі і Купалле. Ні адно свята дзяржаўнага каляндара ці значнае царкоўнае не абыходзілася без канцэртаў і відовішчных дзей, арганізаваных вясковымі артыстамі. Штовечар з пакояў клубнай установы ліліся пералівы гармоніка і спеў жанчын, што збіраліся на рэпетыцыі. А аматараў народнага спеўнага мастацтва на той час было шмат. Сярод першых носьбітаў традыцыйнай спадчыны сталі Марыя Садоўнікава, Валянціна Марчанка, Васіль Захілька, Ніна Ксянзова, Надзея Глушанок, Іван Буракоў, Валянціна Павідзіш, Яўген Яшкоў, Феня Гануціна і іншыя. Падбіралі акорды пад зычныя жаночыя галасы заліхвацкія гарманісты Васіль Плісаў, Любоў Галубіцкая, сын і бацька Казловы.

З 2000 года фальклорны гурт узначальвае Валянціна Лявончыкава. Мясцовая жыхарка пасля школы паступіла у магілёўскае культасветвучылішча, вярнулася на малую радзіму і шчыра служыць прафесіі культасветніка. За 50 гадоў існавання калектыў атрымаў шмат падзяк і ганаровых грамат, удзельнічаў ва ўсіх фестывалях народнага танца «Беларуская полька», пабываў у Пінску на І Міжнародным свяце фальклору і ў Мінску на «Матчынай песні», бліснуў талентам у рознастайных раённых, абласных і рэспубліканскіх фэстах, паказальных сямейных мерапрыемствах і танцавальных конкурсах.

Сёння ў творчым запасніку «Меркулавіцкіх вячорак» не адзін дзясятак песень, танцаў і звычаяў, інструментальных варыяцый. У складзе калектыву 12 чалавек з добрым галасавым дыяпазонам і адметнай афарбоўкай гука. Энергічныя, пазітыўныя, гарачыя, адораныя, яны сэрцам прывязаныя да свайго – блізкага і спрадвечнага. І галоўнае, што іх яднае, гэта любоў да народнага духоўнага багацця, пачуццё гонару за родную мову, беларускую годнасць, бацькаву хату і матчын вышываны абрус. Тое, што яны імкнуцца перадаць маладому пакаленню ў спадчыну. З юбілеем!

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика