Дапамагаюць вера і малітва

Нягледзячы на вясковыя клопаты і цяжкі жаночы лёс, пенсіянерка з Рэпішча Алена Цітаўна Халаева захавала жыццёвы аптымізм, запал і станоўчую пазіцыю, веру ў сілу дабрыні і шчодрасць людскога сэрца.

Нарадзілася жанчына ў вёсцы Пералёўка Свяцілавіцкага сельсавета ў шматдзетнай сям’і. Толькі-толькі стала набірацца сілы, як пачалася вайна. Ратуючы сыноў і дачок ад фашысцкай навалы, бацька адправіўся шукаць паратунку ад бяды ў Фінляндыі. Аднак хутка і там загрымелі выбухі, загаласіла зямля. Сям’я вымушана была збірацца дадому, але вярнуліся не ўсе – Ціта Якаўлевіча забралі на фронт, дзе і загінуў, а з 9 дзяцей у жывых засталося чацвёра, некаторыя памерлі прама ў дарозе. Спачатку бежанцы жылі ў зямлянцы. Каб не прапасці з голаду, маленькая Лена хадзіла па суседзях і прасіла ежы, выратоўваў лес, карміліся прадукцыяй з агарода. Так і перабіваліся, пакуль не прыйшло вызваленне. Алена Цітаўна скончыла 4 класы, бо наведваць школу ў суседніх Нямках за 3 кіламетры не існавала магчымасці – у маці нават нечым было залатаць адзенне, а абутак наогул адсутнічаў. Калі Лена падрасла, адправілася ў Гомель, працавала нянькай, памочніцай па гаспадарцы.

Ішоў час. Пазнаёмілася з будучым мужам і пераехала ў Рэпішча. Тут паставілі з Васілём хату, нарадзілі дваіх дзяцей. Алена Цітаўна працавала ў паляводчай брыгадзе, на цагляным заводзе ў Заложжы, у галіне жывёлагадоўлі. Добрасумленную перадавую калгасніцу ўшаноўвалі граматамі, каштоўнымі падарункамі, нагруднымі знакамі пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва. А вось жаночы лёс выдаўся салёным: з мужам разышлася і прыняла ў хату новага гаспадара. У 40 гадоў з ёй здарыўся няшчасны выпадак – яна ледзьве не загінула пад коламі трактара, які скірдаваў салому. Двое сутак праляжала ў непрытомнасці пад жытнёвым стогам, пакуль не знайшлі вяскоўцы. У выніку атрыманай траўмы часткова згубіла зрок і слых. Але выжыла і яшчэ ўзгадавала сына, трымала гаспадарку, засявала агарод. Так і беглі дні.

…Ні многа ні мала – сёння жанчыне споўнілася 85 гадоў. І, хоць у Алены Цітаўны сталася больш горкіх і трывожных дзён, яна ніколі ні аб чым не пашкадавала, перамагчы смутак і журбу дапамагаюць моцная ўнутраная харызма і малітвы да Бога, якому яна давярае свае думкі, падзяку і жаль, у якога просіць міру і дабрабыту дзецям і ўнукам, усім добрым людзям.

Валентина ПРАНКЕВИЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика