ДОБРАЯ СПАДЧЫНА ШМАТДЗЕТНАЙ МАЦІ

IMG_0098
Завітаць да Марыі Іванаўны Балотнікавай ёсць двайная нагода. На днях работнікі паштовай сувязі адзначылі сваё прафесійнае свята, ды і Дзень маці не за гарамі. У гэтай сціплай жанчыны добрая спадчына – каля 45-ці гадоў працы з тоўстай сумкай на плячы, а таксама пяцёра дзяцей, восем унукаў і пакуль што два праўнукі. На грудзях – медалі Мацярынства і ветэрана працы. Розным бачыла яна гэта жыццё: басаногае пасляваеннае маленства, праца з юнацтва, шчаслівае мацярынства, ціхія будні падчас заслужанага адпачынку. Ураджэнка Высокай Грывы, яна яшчэ памятае час, калі ў вёсцы было не менш трохсот жыхароў. У мясцовай школе скончыла чатыры пачатковых класы, а ў пяты хадзіла ў суседняе Будзішча.

Гэта і ўся навука дзяўчынкі, якую маці гадавала адна без бацькі. Сустрэўшы сваю шаснаццатую вясну, Марыя з сяброўкамі паехалі на Украіну, дзе займаліся пасадкай буракоў. Хтосьці застаўся там, але яна хутка вярнулася дадому, бо не дазваляў узрост. Так і здарылася, што восенню 1959 года маладая ды спрытная пачала выконваць абавязкі паштальёна. Адзін Бог ведае, колькі кіламетраў давялося адмераць, дастаўляючы аднавяскоўцам лісты ды газеты, часопісы ды пенсіі. Аддзяленне сувязі знаходзілася ў Будзішчы, і да Высокай Грывы ўсё гэта ў сваіх руках павінна была несці дзяўчына. Але яна не сумавала і шпарка збіралася ў дарогу, нягледзячы на надвор’е. А яно не заўседы песціла ласкавым сонейкам: то дажджы размыюць вясковыя сцяжынкі, то гурбы снегу намяце ў рост чалавека… Неўзабаве на ветлівую Марыю пачалі заглядацца хлопцы. Сярод прыхільнікаў быў і Дзмітрый, які да таго часу адслужыў у марфлоце. Некалькі разоў сарамліва адказвала прыгажуну на прапанову ажаніцца, пакуль яго сястра не звярнулася да маці Марыі. Яны сустрэліся позіркамі і мудрая сталая жанчына сказала: “Трэба ствараць сям’ю. Цяжка ў вёсцы без моцных мужчынскіх рук, так што бяры сякеру, касу – будзеш у хаце за гаспадара”. У шлюбе на радасць бацькам нараджаліся і падрасталі дзеткі. Дзяржаўная палітыка тых часоў не дазваляла маці знаходзіцца ў дэкрэце, як цяпер, некалькі год. Праз два месяца посля родаў трэба было звяртацца да працы. Гэта, бадай, былі адны з самых няпростых перыядаў для жанчыны: і  арганізм не паспяваў як след аднавіцца, і раставацца з немаўляткам ой як цяжка. Каб была магчымасць заставацца дома тры гады – нарадзіла б, напэўна, і дзесяць дзетак. Дзякуй, дапамагала бабуля, і Марыя, сабраўшыся з сіламі, зноў сартыравала лісты, афармляла падпіску, адлічвала пенсіі… У 1987 годзе сям’я пераехала ў Чачэрск. Дзмітрый Ільіч уладкаваўся ў леспрамгас, а Марыя Іванаўна працягвала абраную з юнацтва працу ў раённым аддзяленні паштовай сувязі, якое ўзначальваў Васіль Пятровіч Плескачэўскі. “Гэта зараз перыядычныя выданні не так запатрабаваны, а раней іх выпісвалі намнога больш. – узгадвае субяседніца. – Да таго ж пенсіі. Накладзеш, бывала, поўную сумку “зайчыкаў” і “белачак” – і пайшоў ”. Адвячоркам, калі скончана работа, парадак на падворку, Марыя Іванаўна займалася вышыўкай. Ручнікі, навалачкі і іншыя пыналежнасці, упрыгожаныя сваімі рукамі, і сёння ажыўляюць сціплы хатні інтэр’ер.
У мінулым засталіся тыя напруджаныя гады. На заслужаным адпачынку ў жанчыны ёсць усё, што трэба: павага і клопат дзяцей, пашана чачаран за добрасумленную працу, увага медыцынскіх работнікаў. Дарэчы, карыстаючыся выпадкам, Марыя Іванаўна асабліва дзякавала фельчарам аддзялення хуткай дапамогі. Акрамя таго, жанчына не растаецца з раёнкай. “Чачэрскі веснік” заўсёды прыносіць навіны ў яе дом і не дае сумаваць. Яшчэ вольны час Марыя Іванаўна праводзіць з сяброўкамі-аднавяскоўцамі Ганнай Мікалаеўнай Балотнікавай, Аленай Іосіфаўнай Цярэшчанка, Ганнай Рыгораўнай Філіпавай. Успамінаюць яны маладосць, а сэрцы па-ранейшаму поўняцца аптымізмам.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика