Садружнасць: Пабрацімскія сувязі не парушыць

Зусім нядаўна – на Дне Незалежнасці нашай краіны – сябры з Валакаламска пабывалі на Чачэршчыне. А ў мінулыя выхадныя дадому вярнулася чачэрская дэлегацыя, якая прымала ўдзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных 887- годдзю старажытнага расійскага горада.

На валакаламскай зямлі гасцявалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Кавалёва і народны калектыў «Чачэрцы». Хоць шлях да братоў-славян быў доўгі, лёгкую фізічную стому знялі атрыманыя ўражанні і накал эмоцый. Беларускую дэлегацыю сустрэлі цёпла і сардэчна. «Нам радаваліся, як родным, – дзеліцца ўражаннямі Алена Уладзіміраўна. – Трэба сказаць, што з Валакаламскам мы сябруем ужо з 2007 года. Нават вазілі на рэалізацыю меркулавіцкую бульбу элітных гатункаў. А студэнты аграрнага тэхнікума «Халмагорка» ў складзе сельскагаспадарчага маладзёжнага атрада «Крылы дружбы» праходзілі ў нас вытворчую практыку. Неаднойчы творчыя калектывы абодвух гарадоў абменьваліся святочнымі канцэртамі. Вось і на гэты раз свой талент і настрой падаравалі братам-славянам артысты народнага гурта «Чачэрцы». Прыемна, што нашых салістак заўважылі і ўзнагародзілі дыпломам ІІ ступені за ўдзел у Х адкрытым маладзёжным фестывалі «Цераеўскі перапляс і галасы», а таксама адзначылі падзячнымі лістамі ад главы гарадской Валакаламскай акругі і Савета дэпутатаў. На святкаванні прысутнічалі і іншыя беларускія калектывы пабрацімскіх гарадоў Беларусі. Гэта сведчыць аб тым, што нашы сяброўскія сувязі мацнеюць і пашыраюцца. А што тычыцца свята, дык асабіста мяне больш за ўсё ўразіла гістарычная рэканструкцыя пахода ХІІІ стагоддзя рускага палкаводца Аляксандра Неўскага». Засталіся прыемныя ўспаміны аб творчай паездцы і ў «Чачэрцаў». Кіраўнік гурта Ірына Курдзюмава ў захапленні ад артыстызму і ўнутранага запалу заснавальніцы расійскага калектыву «Белы дзень» Алены Васілёк. У працоўнай творчай дзейнасці Ірына шмат чаму навучылася ў старэйшай калегі, брала ў вядомай салісткі нешта ў свой рэпертуар. Гэта песні, якія заўсёды добра ўспрымаюцца слухачом. Менавіта там, на свяце горада Валакаламска, ёй пашчасціла пазнаёміцца з поп-зоркай расійскай эстрады. Алену Васілёк настолькі паланіла выступленне гурта, што яна прапанавала «Чачэрцам» правесці сумесны канцэрт у Мінску ў кастрычніку гэтага года. Такая творчая адзнака славутай спявачкі, паэта і кампазітара Расіі гаворыць аб высокім мастацкім узроўні і таленце нашых артыстаў і іх кіраўніка.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика