ШАНУЙЦЕ СЛОВА РОДНАЕ
Штогод у першую нядзелю верасня ў краіне святкуецца Дзень беларускай пісьменнасці. Той, хто шануе родную мову, добра ведае яе каштоўнасць, бо яна вучыць любіць сваю Радзіму, паважаць беларускую годнасць і даражыць жыццём. Рыхтуюцца шырока адзначыць гэту дату работнікі бібліятэчнай сістэмы Чачэршчыны. У цэнтральнай раённай бібліятэцы цэлы тыдзень будуць праходзіць разнастайныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня пісьменнасці пад агульнай назвай “Твая зямля – твая краіна, названа светла Беларусь”. Гэта і дэманстрацыя старых кніг з фондаў гісторыка-этнаграфічнага музея на кніжнай выставе-праглядзе “Жыве ў вяках беларускае слова”, і Гадзіна духоўнасці “Высокое слово “милосердие” з удзелам настаяцеля Храма Прэабражэння Гасподня айца Георгія, і паказ відэафільмаў аб вядомых беларускіх асветніках, а таксама Дні адчыненых дзвярэй. Аб таленце айчыннага класіка Сяргея Грахоўскага раскажа слайд-прэзентацыя “Напісана крывёю сэрца” ў гімназіі г. Чачэрска, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння літаратурнага генія. Цікавым абяцае быць сустрэча трэцяга верасня з мастакамі вершаванага слова, паэтамі г. Гомеля на вечарыне беларускай паэзіі “Шаную роднае слова”.
Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай нашага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменнасці і друку ў Беларусі. Прыходзьце на спатканне з блізкім, святым, родным!