Кіпіць работа на травах першага ўкосу

У раёне з кожным днём набірае абароты нарыхтоўка кармоў жывёле на зімова-стойлавы перыяд. На травах першага ўкосу больш за астатніх стараюцца калектывы «Звязды», «Вазнясенска», роўкавіцкія і отарскія аграрыі. Запасаюцца пахучым сенам, сенажом і сіласам.

Надышоў самы лепшы час для касавіцы. На лугавыя палеткі гаспадарак бяруць накірунак трактары з касілкамі, варушылкамі, тэхніка на прасаванні сенажу і адвозцы зялёнай масы. Адным словам, работы і турбот усім досыць. Вопытны аграрый Сяргей Рослікаў з тэлескапічным пагрузчыкам «JСB» загружае ў сярэднім за дзень 6 шаланд па 18 рулонаў сенажу вагой 450 кілаграмаў кожны.

«Хоць трактарок і невялікі, але сілы ў ім хапае, – усміхаецца механізатар. – Толькі паспявай грузіць. Добра, што рытмічнаму працэсу спрыяльныя сонечныя дні ў падтрымку».

Сяргей Рослікаў у галіне сельскай гаспадаркі 28 гадоў. На сяўбе, нарыхтоўцы кармоў і ўборцы зерня ён – у першай лініі працоўнага руху.

У Сапрыкі на сіласную яму дастаўляюць люцэрну і змешаныя сакавітыя травы механізатары Аляксандр Ткачоў, Дзяніс Кандрацьеў, Мікалай Сямёнаў. Рэйс за рэйсам, нібы тыя мурашы, курсіруюць па лугавых прасторах трактары з «зялёнкай». Дзмітрый Худалей на МТЗ-1221 ад кормаўборачнага камбайна загружае па самыя барты за адну ходку 11 тон зялёнай масы. За змену абарочваецца да ямы і назад па 20 разоў. Прыкладна такі ж маршрут і ў яго таварышаў. Таму магутнаму МТЗ-3522, за рулём якога перадавік вытворчасці Аляксандр Ткачэнка, нічога не застаецца, як толькі паспяваць прымаць здробненую прадукцыю і круціць коламі трактара туды-сюды, ушчыльняючы зялёны корм для кансервацыі.

Дзмітрый Худалей і Аляксандр Ткачэнка

Працоўны тэмп у отарцаў насычаны, але для невялікага перапынку на абед і вячэру аграрыі на хвіліну прыглушаюць маторы тэхнікі і ідуць падсілкавацца. Другі год на раздачы ежы ў «Отары» Таццяна Кандрацьева. Жанчына кантралюе, каб усе механізатары былі сытыя, ніхто не застаўся без міскі супа ці шклянкі чаю. Сочыць за чысцінёй і санітарным парадкам на сваім працоўным месцы. Не забываецца падбадзёрыць калег добрым словам і трапным жартам. Бо акрамя апетытных страў і спрыяльных кліматычных умоў прыемная размова ўзнімае настрой і задае тон на ўвесь светлавы працоўны дзень.

Смачны абед сілы надае

На фота Сяргей Рослікаў.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика