ЯБЛЫЧНЫ СПАС – УСЯГО ПРА ЗАПАС

IMG_9118Пачатак гэтага тыдня для жыхароў вёскі Бабічы стаў надзвычай святочным і хвалюючым: традыцыйна тут прайшло свята царкоўнага і народнага каляндара – Другі Спас. Ружовыя малінаўкі і наліўныя таўстушкі, пахучы шафран і іншыя сакавітыя плады яблык ранніх сартоў прынеслі бабічане ў лазовых кошыках, каб асвяціць Божжае дараванне і пакаштаваць яго смак на вялікае свята. Перад гэтым адбылося асвячэнне мясцовай крыніцы – настаяцель Храма Прэабражэння Гасподня айцец Георгій зачытаў малітву і блаславіў гэта святое месца, пажадаўшы міранам душэўнага спакою, святла і чалавечай радасці. А яна ў той дзень струілася нават з самага неба, падмацоўваючы сонечнымі промнямі гарачыню пачуццяў усіх, хто сабраўся пад шатамі стромкіх бяроз на вясёлае гулянне. Падсілкаваўшыся дарамі прыроды, гледачы ўладкаваліся на ўтульных лаўках – пачалася наступная частка святочнай дзеі, прымеркаваная да свята вёскі. У гэтым годзе Бабічы адзначылі сваё 530-годдзе з дня заснавання, і пра гісторыю стварэння паселішча расказаў адзін з персанажаў рэжысёрскага сцэнарыя – стары Бабіцэль. Каштоўнымі падарункамі ўшанавалі старажыла вёскі 87-гадовую Марыю Рыгораўну Зайцаву, парадавалі прыемнымі сюрпрызамі самых маленькіх жыхароў – Паўла Кавалевіча і Мікалая Маргаран. Падвор’е Аляксея і Таццяны Маркоўскіх прызнана адным з лепшых, а самымі творчымі і “пявучымі” назвалі сям’ю Таццяны і Васіля Карпоўскіх. За актыўную жыццёвую пазіцыю і дапамогу мясцовай уладзе ў арганізацыйных мерапрыемствах быў узнагароджаны Аляксандр Якаўлевіч Шкалянкоў. Ад шчырага сэрца гучнымі апладысментамі віншавалі аднавяскоўцы залатых юбіляраў – Пятра Антонавіча і Людмілу Сцяпанаўну Мудраковых, а таксама крычалі “горка” маладым Дзмітрыю і Ганне Грэкавым, Івану і Аляксандры Панаськовым. За шчырасць руплівых сялянскіх рук дзячыла работнікам КСУП “Звязда” Сяргею і Святлане Курковым намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце сельгаспрадпрыемства Алена Серыкава. А дзе праца – там і песня. Тым больш, калі яна напісана мясцовымі   аўтарамі. Такімі, як Валянціна Грышукова і Таццяна Баранава, на вершы якіх ужо пакладзена музыка і ёсць пэўныя выканаўцы іх твораў. Талент і актыўная грамадзянская пазіцыя жанчын-паэтэс знайшла сваё адлюстраванне ў віншавальных словах на вясковым фэсце.
Трэцяй  часткай маштабнага культурнага форуму ў Бабічах стала спаборніцтва сямейных каманд падчас правядзення трэцяга маладзёжнага сельскагаспадачага праекта “Уладар сяла-6”. Ім на гэты раз прапанавалася паўдзельнічаць у двух конкурсах – паказаць свой спрыт у зборы грыбоў і прыгатаванні “бабінай кашы”. Першы іспыт атрымаўся куды складаней другога – знайсці ў сухім лесе не тое што баравік, але звычайны мухамор аказалася не ўсім пад сілу. Затое кашаварыць на агні для кожнага з удзельнікаў – справа звыклая: закіпела вада, разбухлі крупы, зашкварчэла на скаварадзе цыбуля і ад кожнага вогнішча пацягнула пахам смачнага апетытнага навару. Ды так, што аж у носе заказытала. Журы справядліва ацаніла старанні канкурсантаў, і першае прызавое месца заслужана атрымала каманда Звярковых з ААТ “Отар”, другое раздзялілі Тарасенкі (КСУП “Вазнясенск”) і Астапенкі (Чачэрскі дзяржаўны прафесійны ліцэй), а трэцімі стала сям’я Чарняевых (ААТ “Чачэрска-гратэхсервіс”). Усім удзельнікам прызы і падарункі былі прадастаўлены адміністрацыяй КСУП “Звязда”. Арганізатары мерапрыемства – РК ГА “БРСМ”.
За цікавым адпачынкам час бяжыць незаўважна. Хутка на тэатралізаванай пляцоўцы сціхлі галасы, змоўкла музыка, разбегліся дзеці, астыла паветра. Але ўспамін пра шыкоўнае свята і сардэчную сустрэчу з аднавяскоўцамі, добрымі сябрамі будзе яшчэ доўга хваляваць сэрца. Павезлі дадому светлыя ўражанні ад сустрэчы і госці з суседняга раёна – старшыня Веткаўскага райсавета дэпутатаў Яўген Чэванькоў і кіруючы справамі райвыканкама Юрый Ганчароў. Засталіся задаволены гасціннасцю чачаран і раскрылі перад імі свой творчы талент артысты ансамбля Свяцілавічскага цэнтра культуры і вольнага часу “Светач”. Чыстага ўсім неба, няхай Бог жыве з намі!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика