Тадэуш Стружэцкі: «Любіць, памнажаць і захоўваць традыцыйную спадчыну»

????????????????????????????????????

У гэтым годзе спаўняецца 35 гадоў з дня заснавання грамадскай арганізацыі «Беларускі фонд культуры», дзейнасць якой накіравана на папулярызацыю і ахову гісторыка-культурнай спадчыны, падтрымку музейнай і бібліятэчнай справы. Аб рабоце фонду і планах на будучае расказвае старшыня аб’яднання Тадэуш СТРУЖЭЦКІ.

– Тадэуш Іванавіч, кажуць, чалавек, як і дрэва, моцны сваімі каранямі. А яшчэ – багатай гісторыяй і самабытнай культурай. Скажыце, якія з праектаў БФК паспяхова рэалізуюцца або ўжо завершаны і над чым навукоўцы працуюць сёння.

– З першых гадоў існавання фонд ініцыяваў і вёў рэалізацыю доўгатэрміновых навукова-даследчых і выдавецкіх праектаў «Спадчына» і «Вяртанне» (было выдадзена сем выпускаў), на базе якіх распрацаваны рэспубліканскія праграмы. У 1998 годзе распачаўся праект «Славутыя імёны Бацькаўшчыны», дзякуючы якому былі вернуты ў навуковы і грамадска-культурны кантэкст дзясяткі сусветна вядомых, але забытых на сваёй радзіме выхадцаў з Беларусі. А 3 гады таму стартаваў новы праект «Мой род – мая радзіма» па прэзентацыі новых цікавых краязнаўчых выданняў, у рамках якога ў Мінску праходзяць іх прэзентацыі, а таксама сустрэчы з мясцовымі краязнаўцамі, вядомымі дзеячамі культуры. На працягу 2015-2017 гадоў па ініцыятыве фонду быў рэалізаваны праект «Адновім Будслаўскую святыню разам» па зборы грамадскіх сродкаў на навуковае даследаванне і рэстаўрацыю ўнікальнага драўлянага алтара ХVІІ стагоддзя, абраза святой заступніцы Беларусі Маці Божай Будслаўскай, насценных роспісаў. Таксама з ініцыятывы БФК была распачата праца па ўнясенні ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА Будслаўскага фэсту, у выніку чаго ў лістападзе 2018 года гэтае мерапрыемства ўвайшло ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. А яшчэ БФК ініцыюе і бярэ ўдзел у рэалізацыі праектаў і мерапрыемстваў, прысвечаных важным падзеям і юбілеям славутых дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі.

– Пісаць гісторыю сваёй вотчыны і не ўмець размаўляць на роднай мове немагчыма. Як Вы бачыце вырашэнне праблемы ўжывання беларускай гаворкі ў грамадстве?

– На маю думку, Беларусь без роднай мовы існаваць не можа. Праблема яе ўжывання існуе на розных узроўнях. Лічу (такая ж пазіцыя і Беларускага фонду культуры), што беларуская мова павінна выкарыстоўвацца менавіта як важны фактар кансалідацыі нашага грамадства. А таму трэба як мага часцей ёй карыстацца звычайным грамадзянам і чыноўнікам. Яна павінна гучаць у паўсядзённым жыцці, ужывацца ў сродках масавай інфармацыі, сістэме адукацыі і культуры, прысутнічаць у рэкламе, назвах вуліц, устаноў і г.д. З улікам таго, што ў Беларусі афіцыйнае двухмоўе і прыярытэт застаецца за рускай, гэта з’яўляецца агульнаграмадскай праблемай. Хаця чалавек мае права выбару, усё ж баланс павінен быць: або на карысць беларускай, ці з рускай хаця б на роўных. Калі кіраўнікі на ўсіх узроўнях стануць размаўляць на роднай мове, калі яна загучыць у грамадскім транспарце, ва ўстановах і арганізацыях, тады карыстацца ёй стане прэстыжна. Усё гэта мае і важны выхаваўчы патрыятычны характар. Ён нагадвае кожнаму, што жыве ў Беларусі – самастойнай і суверэннай краіне з багатымі культурнымі традыцыямі, якімі можна па-праву ганарыцца.

– Любоў да малой радзімы, папулярызацыя духоўнай спадчыны фарміруе асобу, яе характар і нацыянальны гонар. Важна, каб такімі якасцямі валодала наша моладзь і імкнулася да адраджэння бацькоўскіх традыцый. Якім чынам, па-Вашаму, дасягнуць прыхільнасці да краязнаўства ў маладым асяроддзі?

– Скажу, што ў краязнаўстве сёння дастаткова многа моладзі, асабліва школьнікаў. І рэспубліканскі конкурс «Славутыя імёны малой радзімы» гэта пацвердзіў. А калі арыентавацца на тое, што ў краіне на базе школ дзейнічае каля 1,5 тысячы школьных краязнаўчых музеяў, то нават гэта сведчыць пра перспектывы развіцця краязнаўчай дзейнасці. Гэта можна таксама пацвердзіць і колькасцю аўтараў публікацый нашай «Краязнаўчай газеты». У свой час БФК з’яўляўся адным з арганізатараў Фэсту экскурсаводаў, які праводзіўся дзесяць гадоў падрад. На жаль, апошнія два кавідныя не далі магчымасці працягнуць гэту работу ў ранейшым фармаце. Тым не менш яго геаграфія з кожным годам пашыраецца, далучаюцца новыя людзі, якія па сваёй ініцыятыве распрацоўваюць цікавыя маршруты. І калі малады чалавек даследуе нейкую праблему і на аснове здабытага матэрыялу рыхтуе цікавы экскурс, то потым збірае вакол сябе людзей, якім гэта таксама цікава.

– Сёння ў свеце назіраецца негатыўная тэндэнцыя па знішчэнні помнікаў і абеліскаў перыяду Другой сусветнай вайны. Якую пагрозу могуць прадстаўляць такія «культурныя чысткі» нацыянальнай самасвядомасці і ўстойліваму развіццю будучых пакаленняў?

– Безумоўна, праблема актуальная. Нездарма 2022-гі ў нашай краіне аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Гэта тычыцца не толькі падзей мінулай вайны, але і ўсёй гісторыі Беларусі, бо на базе помнікаў фарміруецца агульная гісторыка-культурная спадчына, якая з’яўляецца вельмі важным фактарам нацыянальнай адметнасці і самабытнасці краіны, фарміравання светапогляду нашага і будучых пакаленняў. І тут ёсць вялікае поле дзейнасці для дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, грамадства ў цэлым. Колькі ў нас яшчэ занядбаных помнікаў і памятных мясцін, нямала прыкладаў і іх свядомага знішчэння. Мясцовыя краязнаўцы павінны стаць сапраўднымі іх апекунамі.

– Скажыце, наколькі цесна падтрымліваецца сувязь фонду з раённымі і гарадскімі грамадскімі аб’яднаннямі краязнаўцаў Беларусі і ў чым выяўляецца такое супрацоўніцтва?

– Для БФК адным з асноўных накірункаў дзейнасці з’яўляецца краязнаўства. Таму яшчэ ў 2003 годзе была заснавана «Краязнаўчая газета». Менавіта дзякуючы ёй фонд падтрымлівае пастаянныя сувязі з большасцю рэгіёнаў краіны, размяшчаючы на старонках газеты актуальныя матэрыялы і інфармацыі аб дзейнасці мясцовых краязнаўчых таварыстваў і краязнаўцаў. Можна прывесці нямала цікавых прыкладаў рэалізацыі іх ініцыятыў па напісанні гісторыі населеных пунктаў, стварэнні музейных вугалкоў і экспазіцый, падрыхтоўцы і выданні цікавых даследаванняў і кніжак. Праведзены Беларускім фондам культуры сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі ў 2020 годзе Першы краязнаўчы форум, у якім прынялі ўдзел каля 250 краязнаўцаў з усіх рэгіёнаў краіны, дазволіў раскрыць усю палітру і здабыткі краязнаўцаў, а таксама існуючыя праблемы. Адна з іх – адсутнасць рэспубліканскага краязнаўчага таварыства. Бо кожны даследчык мясцовага аб’яднання працуе ў сваім асяроддзі, а вось наяўнасць і дзейнасць рэспубліканскага краязнаўчага таварыства акумулявала б найлепшы вопыт і рыхтавала б нейкія метадычныя распрацоўкі, аказвала б канкрэтную дапамогу ў пашырэнні краязнаўчага руху. Наша арганізацыя бярэ ўдзел у доўгатэрміновым праекце Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі «Рэгіён на гісторыка-культурнай карце Беларусі». Рэспубліканскія навукова-практычныя семінары і канферэнцыі прайшлі ў 2017–2020 гадах у Пастаўскім, Любанскім, Іванаўскім, Слонімскім і іншых раёнах. Дарэчы, правядзенне падобнага семінара могуць ініцыяваць вашы краязнаўцы і мясцовыя ўлады.

– У Чачэрску аматары гісторыі і старажытнасці згуртаваліся 4 гады таму. На што, па-Вашаму, варта перш-наперш звярнуць увагу чачэрскім краязнаўцам і захаванню якіх культурных каштоўнасцей аддаць перавагу. Таксама наша аб’яднанне мае намер надрукаваць краязнаўчы альманах «Краявед». Што б Вы параілі першапачаткова ўключыць у стартавы нумар інфармацыйнага выдання?

– У свой час мне даводзілася бываць у вашым раёне, займацца арганізацыяй фестываля «Беларуская полька». Чачэрская зямля багатая на культурныя здабыткі. Вельмі добра, што краязнаўцы Чачэршчыны аб’ядналіся ў мясцовае таварыства, супольна працуюць над цікавымі праектамі. На мой погляд, актуальным з’яўляецца напісанне гісторый існуючых і зніклых вёсак, помнікаў пасля чарнобыльскай катастрофы, усталяванне памятных знакаў і табліц, стварэнне інтэрактыўных карт і інш. У гэтым плане можа быць цікавым вопыт Пастаўскага раёна, дзе напісаны гісторыі большасці населеных пунктаў, выдадзены каля 70 кніжак, створаны электроныя карты і даведнікі. У мінулым годзе пры ўдзеле фонду культуры была падрыхтавана і выдадзена рупліўцам краязнаўцам Ф.Б.Жылкам кніга «Млынарская справана на Беларусі», прысвечаная вадзяным млынам. Гэтыя амаль забытыя цікавыя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны таксама патрабуюць даследаванняў. Напэўна, падобныя былі і на Чачэршчыне. Хачу таксама парэкамендаваць краязнаўцам раёна выпісваць «Краязнаўчую газету» і актыўна дасылаць матэрыялы, тым самым шырока прэзентаваць сваю дзейнасць.

Краязнаўчы рух – гэта не прыватная справа, таму мы і гаворым, што павінны быць створаны грамадскія а, можа, у перспектыве і дзяржаўныя інстытуты, якія б стымулявалі і каардынавалі яго. Тады мы будзем узбагачаць гісторыю і культуру нашай краіны, прывіваць любоў да яе, фарміруючы нацыянальную самабытнасць.

Размову вяла Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика