Весяліць і надае настрою гурт «Весялуха»

На днях нісімкавіцкія артысты трымалі экзамен на творчы запал і талент – фальклорны калектыў «Весялуха» пацвердзіў ганаровае званне «народны».

Творчую дзейнасць гурт пачаў у 1981 годзе. Тады на спеўкі збіраліся аматары народнай вусна-паэтычнай і музычнай творчасці з вёсак Гацкое і Нісімкавічы. Сваёй назвы калектыў не меў. Жанчыны сярэдняга і пенсійнага ўзросту, адпрацаваўшы ў полі і на ферме, з ахвотай спяшаліся на рэпетыцыі, прымалі ўдзел у канцэртах і конкурсных мерапрыемствах раёна і ўсёй Беларусі. Але з цягам часу вясковыя пявунні па стану здароўя і ўзросту пакінулі любімы занятак, нехта наогул пайшоў з жыцця. І тады ўзнікла неабходнасць у аднаўленні творчага штату. У 2018 годзе склад гурта змяніўся, калектыву далі назву «Весялуха», і ён поўнасцю сябе апраўдаў. Завадныя галасы і задор кіраўніка калектыву Таццяны Баранавай, Жанны Малінавай і Алены Дзеравяшкінай пад акампанемент віртуознага музыкі Пятра Біжунова дораць самыя станоўчыя эмоцыі і прыемныя хвілінкі пазітыву. А трапныя жарты баечніцы Лідзіі Кузьмянковай паддаюць настрою і азарту канцэртным выступленням. Гарманічна разбаўляе жаночы склад гурта мужчынская харызма Дзяніса Касцевіча. Ёсць у артыстаў і значныя творчыя перамогі. Адны з нядаўніх: у VІІ адкрытым раённым свяце фальклору «Траецкі карагод на Веткаўшчыне» дыплом І ступені ў намінацыі «Гарманіст» – Пятру Біжунову і ІІ ступені ў намінацыі «Абрадавая песня». Два прызавых месцы творчая група заняла за жартоўны сцэнічны нумар і ў конкурсе баек падчас правядзення «Уваравіцкага кірмаша» на Буда-Кашалёўшчыне. Раённы фестываль патрыятычнай песні «Афганская вьюга» двойчы прынесла салістам гурта перамогі – дыплом ІІІ ступені і Гран-пры.

У сваёй дзейнасці «Весялуха» арынтуецца на адраджэнне і захаванне мясцовых традыцый і народных звычаяў. У рэпертуары больш за 40 абрадавых, каляндарнагадавых і сямейна-бытавых песень, імправізаваныя тэатралізацыі, гульні, байкі, гумар. Шырока выкарыстоўваюцца аўтарскія творы Таццяны Баранавай і Пятра Біжунова – пра жыццё, лёс, родную зямлю і дарагі сэрцу чачэрскі край. Усё гэта стварае атмасферу самабытнасці і індывідуальнасці, народны гурт весяліць і натхняе.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика