У пашпарце 80, а ў душы – вясна

Сёння свой 80-гадовы юбілей адзначае таленавіты паэт і пісьменнік, ганаровы грамадзянін раёна Міхась Болсун.

Малая радзіма Міхаіла Міхайлавіча – вёска Балсуны. Тут ён нарадзіўся ў крывавыя жорсткія дні Вялікай Айчыннай. Падранак вайны, як сам сябе называе наш зямляк, пазнаў і голад, і разруху, і страты. Але тое, што нас не забівае, робіць мацней. Так і для Міхася Болсуна перыяд ваеннага ліхалецця стаў выпрабаваннем жыцця. І ён выжыў. Скончыў Палескую школу і адправіўся на заробкі на Украіну. Вярнуўшыся, уладкаваўся загадчыкам сельскай бібліятэкі. Калі прыйшоў час, атрымаў позву з ваенкамата і 3 гады праслужыў у ракетных войсках, быў памочнікам камандзіра ўзвода. Дэмабілізаваўся ў званні старшага сяржанта. Па запрашэнні дырэктара мясцовай школы выкладаў урокі фізічнай культуры. Завочна скончыў Гомельскі дзяржуніверсітэт, потым – мінскую вышэйшую партыйную школу. Прайшоў журналісцкую закалку ад літработніка да рэдактара чачэрскай раённай газеты, быў у рэспубліцы самым маладым кіраўніком раёнкі буда-кашалёўскага «Авангарда». І амаль 20 гадоў аддаў працы ў тэлерадыёкампаніі «Гомель» старшым рэдактарам і загадчыкам аддзела.

Выхадзец з вёскі, закалыханы цішынёй ліпеньскай ночы, выпешчаны матчынай любоўю, тым не менш рос у строгасці і дысцыпліне. Бацькаў наказ – не бяры чужога і не бойся нікога – занатаваў у памяці, як вершаваны радок. З маленства ўлюблёны ў родную зямлю і свой дарагі сэрцу куточак, яшчэ ў падлеткавым узросце пачаў пісаць вершы, усхвалялючы сельскія прасторы, прыроду. Яго ранні твор «Родныя мясціны» увайшоў у кнігу вершаў школьнікаў краіны «Наш родны край» (1959 год). Сёння ў паэтычнай скарбніцы Міхася Болсуна 5 зборнікаў яго вершаванняў і сааўтарства ў кніжным выданні «Чачэрскі след у навуцы». Міхаіл Міхайлавіч прапагандуе родную мову, часты госць у школах, каледжах, вышэйшых установах адукацыі, бібліятэках Гомеля і суседніх гарадоў. На Чачэршчыну прыязджае з задавальненнем і лёгкім трапятаннем у сэрцы, бо тут – яго вотчына, землякі і бацькоўскія карані. Член Савета абласной пісьменніцкай арганізацыі і Беларускага саюза журналістаў, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі ўзнагароджаны медалямі «За вялікі ўклад у літаратуру» і імя асветніка Кірылы Тураўскага, нагрудным знакам міжнароднага Саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва «Ганаровы настаўнік творчай моладзі». Кожны ўздых, кожны ўзыход сонца, пагодлівы дзень ці нягода для яго – радасць і святло жыцця. Бо яшчэ столькі трэба сказаць, столькім падзяліцца, прызнацца ў сыноўняй любові і вернасці. І хоць у пашпарце 80, на душы – вясна і квецень мая.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Міхась БОЛСУН

ДНЯПРОЎСКІ РУБЕЖ

Памяці Героя Савецкага Саюза, ураджэнца Покаці Мікалая Байкова.

Дняпро кіпеў. Зямля гарэла.

Куды ні глянь – шкілеты хат.

Праз пекла выбухаў і стрэлаў

Нёс помсту ворагу салдат.

У бой за Днепр – рубеж цяжэйшы –

Наперад вёў адвагі дар.

Стралок Байкоў у ліку першых

Заняў на беразе плацдарм.

За лапік роднае зямліцы,

Адчуўшы рванай раны боль,

Гатовы быў да скону біцца,

Каб не ўваскрэсла погань больш.

…Салдат прапаў у 43-м,

Душа ўзляцела ў сіняву.

Героі ўходзяць у бяссмерце –

У нашай памяці жывуць.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика