ВЕКАВАЯ ХАТА ШЧАСЦЕМ БАГАТА

Сярод будынкаў, як і ў грамадстве людзей, ёсць свае “старажылы” і “доўгажыхары”. Старыя шматгадовыя пабудовы, якія хоць і не маюць вялікай архітэктурнай каштоўнасці, але захоўваюць у сабе багатую гістарычную інфармацыю.
Узяць хаця б домаўладанне Уладзіміра Канцавога з в.Валосавічы. Узрост пабудовы ў мінулым годзе пераваліў за 100. Калісьці, яшчэ да рэвалюцыі, гэту хату “паставіў” Ціт Барысенка. Цікавай акалічнасцю з’яўляецца тое, што бярвенне пакладзена не вуглом, як гэта рабілі тагачасныя сяляне, а ў “лапу”. Такі манер кладкі тады яшчэ мала практыкаваўся, аднак апраўдваў сябе, бо вуглавыя стыкі  менш абмываліся дажджавой вадой і, адпаведна, не так хутка прагнівалі. Калі ў вёску прыйшлі немцы, дзядзька Ціт пайшоў на фронт, а яго родныя выкапалі пад вялікай ігрушай, што захавалася на падворку да гэтага часу, глыбокі бліндаж і хаваліся там ад немцаў і варожых самалётаў. Пасля перамогі Барысенка вярнуўся дадому і ўладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку даглядаць за калгасным пладовым садам. Яшчэ і цяпер асобныя яблыкі, вырашчаныя рукамі садавода-аматара, у яго гонар называюць “цітаўкамі”.
Калі ў старога не стала сілы, ён вырашыў падацца да дзяцей, а яго дом купіў за тысячу рублёў аднавясковец Уладзімір Канцавы для сваёй цешчы Марыі Васільеўны Карнеенка. І адслужылі сасновыя масніцы новай гаспадыні яшчэ 18 гадоў. А зараз сваім цяплом сагравае векавая хата яе ўнукаў і дваіх праўнукаў. Глава сям’і Уладзімір з жонкай працуюць настаўнікамі ў Сідаравіцкай школе, навучаючы дзяцей любіць свой край, сваіх блізкіх, зямлю і бацькаву хату. Ды і самі не пакідаюць роднае жыллё, дзе заўсёды можна знайсці прытулак зморанаму целу, дзе нараджаецца і жыве чалавечае шчасце. А калі ўвосень паспеюць сакавітыя “дулі”, стрыножаная памяць разарве сярэбраныя путы і прашэпчуць з удзячнасцю вусны шчырыя словы таму, хто пасадзіў на гэтым месцы слабенькі саджанец салодкай ігрушы. Хто ведае, можа, і пачуе іх дзядзька Ціт, пачуе і з пяшчотай усміхнецца: недарэмна стараўся.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика