«Будзем выбудоўваць нацыянальны пантэон». Парламентарый распавёў пра планы на Год гістарычнай памяці

Калі Зямля трымаецца на трох кітах, Беларусі дастаткова і двух – мовы і гісторыі. Без іх нашым нашчадкам давядзецца толькі чытаць пра незалежнасць у падручніках і спазнаваць «асалоду» працы пад замежным бізуном. Абараніць беларусаў ад рабскай сцежкі можа Год гістарычнай памяці. Якія задачы трэба вырашыць за наступныя 12 месяцаў? Што нам варта асэнсаваць у 2022-м? На гэтыя пытанні адказаў дэпутат і старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк.

«Незалежнасць – абсалютная каштоўнасць»

«Абвяшчэнне года гістарычнай памяці – яшчэ адзін яскравы доказ, што беларуская дзяржава імкнецца ўмацоўваць суверэнітэт і нацыянальную свядомасць, без якой незалежнасць проста не можа існаваць. Гісторыя – гэта не проста легенды ці паданні, а фундаментальны адказ на тры пытанні: адкуль мы? чаму мы такія? як нам будаваць сваю будучыню? Мінулае – сімвал любой нацыі, катэхізіс яе думак, пачуццяў, веры.

Усё гэта выразна адчуваюць беларускія ўлады, таму абвяшчэнне Года гістарычнай памяці – абсалютна лагічны крок. Своечасовыя і законы, звязаныя з ушанаваннем нашай спадчыны, што мы цяпер прымаем. А ў навучальных установах з наступнага года ўвядзём дысцыпліну «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці».

Гэта яскравы адказ усім нашым апанентам, якія хлусяць, што кіраўніцтва Беларусі здае краіну. Такімі крокамі мы сведчым: незалежнасць – абсалютная каштоўнасць, як і гістарычны досвед нашых продкаў. У прэамбуле Канстытыцыі напісана, што беларускі народ абапіраецца на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці – Полацк і Тураў, ВКЛ. Гэта тое, да чаго мы апялюем, наша гістарычная спадчына. Падкрэсліваем важнасць першых княстваў, разумеючы: без той суб’ектнасці не было б і сучаснай краіны.

Беларусы паводзяць сябе як нармальная, цывілізаваная нацыя, якая дбае аб сваім мінулым. Будзем яшчэ больш рупна і ашчадна ставіцца да сапраўдных нашых герояў, выбудоўваць нацыянальны іканастас, пантэон. Год гістарычнай памяці якраз скіраваны на тое, каб мы згадалі ўсе велічныя сюжэты нашай гісторыі і праз яе веліч і трагізм маглі паказаць усім пакаленням, а асабліва дзецям: існаванне сённяшняй Беларусі – аб’ектыўная заканамернасць, вынік і плён працы нашых продкаў на працягу стагоддзяў.

Як казаў вялікі французскі навукоўца Марк Блок, гісторыя – сустрэча людзей у стагоддзях. Яе мы сёлета і арганізуем, успомнім найважнейшыя падзеі ў беларускім мінулым. На гэта цяпер скіраваная ўся дзяржаўная палітыка, якой будуць адпавядаць і заканадаўчыя акты. Хто б што ні казаў, але гісторыя – навука маральная: праз павагу да продкаў будзем вучыць усе пакаленні любіць сваю традыцыю, шанаваць яе».

Законы памаладзеюць

«За апошнія гады мы прынялі два важныя законы. Адзін звязаны са ўзмацненнем адказнасці за рэабілітацыю нацызму. Другі, вельмі важны, – «Аб генацыдзе беларускага народа». Не Генеральная пракуратура, а нямецкі гісторык Крысціян Герлах увёў і абгрунтаваў паняцце генацыду менавіта ў дачыненні беларускага народа. З апублікаванай ім у 1999 годзе манаграфіі, прысвечанай эксплуатацыі нацыстамі Беларусі, вынікае, што немцы планавалі пакінуць на нашай тэрыторыі 1,2 млн сельскагаспадарчых рабоў. Краіна была мадэллю для эксперыменту на ўсіх прасторах, што планавалі акупаваць.

Ва Украіне вёскі не палілі, таму што там патрабавалася больш працоўнай сілы. Беларусаў жа засталося б ледзь больш за мільён. У Магілёве і Бабруйску планавалі пакінуць па 20 тысяч нямецкіх каланістаў і два беларускіх рабы на кожнага з іх. У Мінскай вобласці беларусаў было б 100 тысяч.

Усё гэта прадугледжвалася «планам Баке», зацверджаным яшчэ ў маі 1941 года. Сваю назву ён атрымаў ад прозвішча міністра сельскай гаспадаркі Германіі. Гэта канцэпцыя голаду і вынішчэння, якая выконвалася з маніякальнай і жудаснай дакладнасцю. Не пашанцавала б і беларускім нацыяналістам: шэф Саюза беларускай моладзі з нямецкага боку пісаў, што ўся беларуская моладзь хворая на галаву – планавалася знішчыць 99% хлопцаў і дзяўчат, пакінуўшы толькі «сапраўдных арыйцаў».

Таму нам і неабходныя такія заканадаўчыя акты. Гэтак жа робяць ў Германіі і Ізраілі. Перспектыву яшчэ давядзецца абмяркоўваць, але ўжо маем мемарыяльную аснову: артыкулы 15 і 54 ў праекце новай Канстытуцыі, якія абавязваюць дзяржаву захоўваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну, а простых грамадзян – нашу спадчыну. Кожны з іх з цягам часу будзе разгорнуты ў адпаведныя заканадаўчыя акты. Усё ў гэтым кірунку будзе добра».

Што рабіць з бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй»?

«Гэты выпадак мы маем разглядаць спакойна і аб’ектыўна, ніхто не павінен хлусіць і распавядаць казкі. Варыянты рашэння могуць быць рознымі, але мы адназначна мусім унесці ў пералік экстрэмісцкіх і нацысцкіх фармаванняў усю сімволіку, што выкарыстоўвалі калабарацыяністы з 1941 па 1944 гады. У поўнай адпаведнасці з гістарычнай праўдай. Асабліва тыя падраздзяленні, якія адзначыліся жудаснымі карнымі акцыямі.

Што тычыцца «Пагоні», то ёсць гісторыка-культурная каштоўнасць – усе выявы герба з XIII па XIX стагоддзе. Аднак жа існуюць і варыянты, што з’яўляюцца нацысцкімі. Вільгельм Кубэ 27 ліпеня 1942 года дазволіў выкарыстоўваць іх у генеральнай акрузе «Беларусь». Яны выразна адрозніваюцца ад гістарычных сімвалаў. Менавіта іх выявы беларускія неанацысты выкарыстоўваюць ў публічнай сферы. А Генрых Гімлер зацвердзіў знакі з бел-чырвона-белымі элементамі для беларускіх батальёнаў СД і для брыгады «Беларусь», што ўваходзіла ў склад 30-й грэнадзёрскай дывізіі Вафен-СС. Усё гэта, безумоўна, мусіць быць забаронена, а выкарыстанне такой сімволікі трэба разглядаць як апеляцыю да экстрэмізму і нацызму, бо так яно і ёсць.

Вышэй сказанае тычыцца і спецыфічных сцягоў Саюза беларускай моладзі, створанага паводле ўзору «Гітлерюгенд», – арганізацыі, якая мела выразны нацысцкі і антысеміцкі характар. Яна выхоўвала беларусаў у духу нацыянал-сацыялізму, вернасці Адольфу Гітлеру і «вялікай Германіі». Вось такі надзвычай канкрэтны і зразумелы крытэрый.

Гэты шлях абсалютна нармальны. У Германіі ёсць так званы кайзераўскі сцяг, пад якім імперыя развівалася ў другой палове XIX – пачатку XX стагоддзяў. Яго адмянілі ў 1918 годзе, пасля рэвалюцыі, аднак Гітлер вярнуў гэты сімвал. Ён не быў прыдуманы ім, аднак выкарыстоўваўся разам з нацысцкай сімволікай. Цяпер такі штандарт у ФРГ забаронены, а ўжыванне яго ў публічнай сферы караецца вялікім штрафам. Вас успрымуць як правага экстрэміста.

Што тычыцца ўсяго іншага, мы павінны ўмець аддзяляць легенды ад праўды. Сапраўды, бел-чырвона-белы сцяг спачатку быў нейтральным сімвалам, створаным Клаўдзіем Дуж-Душэўскім у 1917-м годзе. Белы колер сімвалізаваў Белую Русь, а чырвоны – адданасць ідэям сацыялістычнай рэвалюцыі. Але пасля яго выкарыстоўвалі беларускія нацыянал-сацыялісты і прыслужнікі Гітлера. З 1942-га БЧБ можна было пабачыць на ўсёй тэрыторыі Беларусі побач з сімволікай акупацыйных улад. Менавіта таму ў старэйшага пакалення ён асацыяваўся са сцягам паліцаеў – ні больш ні менш. У Магілёве, Крычаве, Шклове, на паўднёвым усходзе штандар пабачылі менавіта ў ваенныя часы. Калі казаць пра Гомельшчыну, ёсць сумна вядомы 608-ы батальён маёра Буглая. Гэта заўзяты беларускі нацыяналіст з Нясвіжа, які ўзначальваў самую адыёзную ягдкаманду, што спаліла большую частку рэгіёна. Ён сябраваў з прэзідэнтам марыянетачнай Беларускай цэнтральнай рады Радаславам Астроўскім, удзельнічаў у II Усебеларускім кангрэсе. На яго магіле якраз стаіць тая сімволіка. «Генерал БЦР» знішчыў не адну тысячу людзей на тэрыторыі Беларусі.

Калі казаць пра гэтыя сімвалы, мы мусім памятаць, што пад імі ваяваў 13-ы беларускі батальён СД, Беларуская краёвая абарона. Усе гэтыя людзі стваралі гета, выразалі і палілі свае ж беларускія вёскі, знішчалі суайчыннікаў. Варта згадаць і добраахвотніцкую беларускую роту СС, якая ўваходзіла ў склад асобай каманды Дырлевангера, – яна у асноўным камплектавалася з зацятых нацыяналістаў з Лагойскага раёна. Яны праходзілі ледзь не пагалоўны адбор. Проста нагадаю, што Дырлевангер выпаліў усю Беларусь ад Клімавіч да Брэста і аддаў загад на знішчэнне Хатыні, а любімым заняткам гэтых хлопчыкаў было атруціць стрыхнінам маладых яўрэйскіх дзяўчат, глядзець, як яны паміраюць у канвульсіях, а пасля зрабіць з іх мыла, што раздавалі такім жа бойскаўтам, каб мыць рукі. Чорную справу ў трасцянецкіх душагубках рабілі хлопцы з 13-га батальёна СД, для якіх Наталля Арсеннева склала цэлы песеннік у кнігах, што асобныя таварышы лічаць шэдэўрам беларускага мастацтва.

Толькі супастаўляючы ўсе гэтыя рэчы, мы будзем пачынаць нешта разумець. Гісторыя – фрагменты памяці, якія нельга скажаць. Менавіта ад гэтага і трэба адштурхоўвацца».

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика