Колькі чачаран будуць служыць Радзіме

Для ваенкаматаў і іх кліентаў 30 лістапада скончылася не толькі восень. Яе апошні дзень быў фінальным і ў прызыўной кампаніі, якая пачалася ў жніўні. Новыя салдаты ўжо праходзяць курс маладога байца, а некаторыя паспелі прыняць прысягу і атрымаць зброю. Колькі сярод іх чачэрскіх хлопцаў, распавёў начальнік адасобленай групы Чачэрскага раёна ваеннага камісарыята Буда-Кашалёўскага і Чачэрскага раёнаў Дзмітрый Гулінкоў:

– Восеньская прызыўная кампанія прайшла паспяхова. Планы нават перавыканалі: замест 34 чалавек у войска адправіліся 36 чачаран. 12 з іх будуць служыць у сілах спецыяльных аперацый – гэта 5-я мар’інагорская, 103-я віцебская і 38-я брэсцкая брыгады.

На мерапрыемствы прызыву выклікалі 125 чалавек. 72 з іх праходзілі медыцынскую камісію, іншыя атрымалі адтэрміноўкі для працягу навучання ці паводле сямейных абставін. А 41 прызыўніка прызналі здаровым. Іншыя ж атрымалі нягоднасць ці часовую нягоднасць.

Часцей за ўсё прызыўнікі добрасумленна выконвалі патрабаванні заканадаўства. Тры чалавекі, якіх мы не здолелі апавясціць, знаходзяцца за мяжой. Мы не ведаем, ці наўмысна яны не з’явіліся ў ваенкамаце. Бацькі сцвярджаюць, што не падтрымліваюць з імі сувязь. Адзін з іх ужо доўгі час жыве ў Італіі, другі разам з сям’ёй вярнуўся на ранейшае месца жыхарства ва Украіну, трэці знаходзіцца на заробках у Расіі.

Яшчэ адзін хлопец не прыбыў у ваенкамат, хаця позву яму выдалі пад роспіс. Раённая прызыўная камісія вырашыла перадаць матэрыялы ў РАУС для распачынання справы паводле артыкула 435 Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу»). Цяпер яму пагражае да 2 гадоў пазбаўлення волі.

У 2020-м прызыў падоўжылі да канца снежня, але сёлета такога не будзе. Цяпер рыхтуем справаздачы. Мы адпраўляем дакументы ў абласны ваенкамат, а адтуль іх дасылаюць у Міністэрства абароны. Пасля будзем рыхтавацца да прыпіскі грамадзян. У студзені 2022-га гэтая працэдура чакае юнакоў 2006 года нараджэння – яны атрымаюць пасведчанні прызыўнікоў. А там ужо недалёка і да вясновай кампаніі, якая звычайна пачынаецца ў лютым. Вольнага часу ў нас амаль не бывае.

Прызыўнікам, якіх мы чакаем увесну, параіў бы падцягваць сваё здароўе і ўмацоўваць маральны дух. Магчыма, хутка ім гэта спатрэбіцца.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика