У лес па грыбы і за настроем

Вось, урэшце, і выхадны! На вуліцы пасвятлела, заспявалі пеўні, пяшчотнымі скупымі промнямі зямлю агарнула аранжавае восеньскае сонейка.

Я раскрыла вочы, паглядзела ў вакно і сама ў сябе запыталася: «Ну, што сёння рабіць будзем?» І тут жа падсвядома ўнутраны голас мне адказаў: «Мыццё, уборка, сняданак, баня…» Адразу неяк не захацелася вылазіць з цёплага ложку. Паляжу яшчэ хвіліну, вырашыла я і зноў «зарылася» пад коўдру. Ды нядоўгім быў мой сон. Цішыню пакояў раптам прарэзаў бадзёры вокрык мужа: «Пад’ём! Збірайся, жоначка, паглядзі, якое добрае сёння надвор’е. Паедзем па грыбы. Кажуць, у лесе апенькі з’явіліся». Хуценька выпіўшы па кварце гарачай кавы, садзімся на трактарок і імчым з маёй другой паловай у бліжэйшы сасоннік. А там…

Паветра насычана водарам хвоі, на верхавінах дрэў яшчэ дремле кастрычніцкая раніца, з бяроз нячутна ападае жоўтае лісце і мяккім сухім дажджом густа сцелецца пад ногі. Заглядзеўшыся на гэту прыгажосць, я нават забылася, навошта прыехала сюды. Ды маё захапленне зноў такі перапыніў радасны голас мужа – каля старога струхнелага пня ён знайшоў першую сямейку апенек. Грыбы на тоўстых ножках з пругкімі карычневымі капялюшыкамі ціснуліся адзін да аднаго, нібы малыя спужаныя дзеткі. І неўзабаве, спрытна падрэзаныя чалавечай рукой, перавандравалі ў кошык майго сужэнца. Пакруціўшыся на адным месцы гэтак з паўгадзіны, мы сабралі дарункаў лесу амаль што поўную ёмістасць. Больш за ўсё на «ціхім паляванні» пашчасціла мужу. Я ж часцей ўзнімала галаву ў неба – назірала за празрыстасцю блакіта і здымала на фотаапарат усё, што мне «лягло на сэрца».

Праз дзве гадзіны мы шчаслівыя і задаволеныя вярталіся дадому. Я адчувала асалоду ад тых пачуццяў, якія атрымала на прыродзе, а мой гаспадар руліў па дарозе і прыгаворваў: «Ну, вось і адпачылі, і апенек набралі. Будзе што на стол паставіць на вячэру». Я была з тым згодна і поўнасцю падзяляла яго настрой. А што яшчэ для шчасця трэба…

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика