Адзінства душ, учынкаў і памкненняў

Узаемадапамога, павага адзін да аднаго, добрасумленная праца – вось што яднае жыхароў невялікай вёсачкі Адзінства, назва якой гучыць ва ўнісон адзначаемаму ў рэспубліцы святу.

Тут усё, як у дружнай і згуртаванай сямі: і ў горы, і радасці – разам. Усе добра адзін аднаго ведаюць і стаяць адзін за аднаго гарой. Ды і атмасфера ў невялікіх вёсачках асаблівая. І нават тыя, хто па пэўных прычынах мяняе ціхае мірнае жыццё на гарадскую мітусню, не забываюць малую радзіму. Як гавораць, душа цягнецца. Працавітасць і імкненне зрабіць свой куток больш прыгожым, унесці свой уклад у развіццё краіны – не проста будні вяскоўцаў, а сэнс іх жыцця. І гэтую агульнасць інтарэсаў, душэўны настрой і любоў да Радзімы адлюстроўвае ў сабе назва населенага пункта – адзінага на карце краіны. Жудаснай старонкай у яго гісторыю ўвайшла Вялікая Айчынная. Не было ні адной сям’і, дзе б ні было свайго героя. Траіх сыноў не дачакалася з вайны Малання Сівакова. Міхаіл і Анатоль гераічна загінулі на фронце, пра лёс Мікалая да гэтага часу нічога невядома… Слязьмі радасці і гонару ўся вёска сустракала вызваліцеляў. Адзін з іх – Сцяпан Пісарэнка. На трафейнай паўтаратонцы, прыгнанай мужным ваяром з Германіі, яшчэ доўгія гады прасіла пракаціцца мясцовая дзетвара. Напружанай, цяжкай працай жыхары Адзінства аднаўлялі разбураную ваенным ліхалеццем гаспадарку. Але не гублялі аптымізму. Са звонкай песняй кожную раніцу адпраўляліся на мясцовую ферму сяльчанкі. Залівісты голас мясцовай пявунні Марыі Халяўкінай раздаваўся не толькі над палямі, налітымі залатымі каласамі, але і на ўсіх культурных мерапрыемствах. Разам з Галінай Ляднёвай, сёстрамі Галінай Куксачовай і Еўдакіяй Гарбуновай яны пакаралі публіку далёка за межамі раёна. Напамінам аб напружаных буднях у доме Лідзіі Рослікавай захоўваецца ордэн Працоўнай Славы. Неаднаразовая ўдзельніца і ўладальніца дыплома І ступені выставы ВДНГ, у мінулым загадчык фермы «Адзінства» сёння з цеплынёй успамінае былых калег. Колькі старанняў кожны ўкладваў у агульную справу на славу мілай Бацькаўшчыны – не злічыць! Варта адзначыць, што любоў і клопат да роднай зямлі з малаком маці ўвабраў і сын Лідзіі Сцяпанаўны – Сяргей, перадавы хлебароб, чыё імя вядома не толькі на Чачэршчыне. Пра той час, калі большасць вытворчых работ даводзілася выконваць уручную, можа расказаць Марыя Ісачанка. Мазольныя рукі жанчыны – адбітак яе намаганняў на дабрабыт краю. Шматдзетнай маці ўдавалася многае: і на працу часу хапала, і на выхаванне чацвярых дзетак. Сёння здароўе не тое, і ўжо дзеці ў знак падзякі даглядаюць матулю. А чацвёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў не даюць ёй сумаваць. Аб перадавых поспехах мужа і жонкі Бабровых неаднаразова распавядалася на старонках раёнкі. Валянціна Пятроўна і Васіль Давыдавіч, у мінулым лепшыя жывёлаводы сяльгаспрадпрыемства «Отар», і сёння не сядзяць склаўшы рукі. Кліча моцная хатняя гаспадарка: конь, свінні, гусі, куры, чаго толькі няма на падворку! А каб вынікі радавалі, прыходзіцца ўставаць на досвітку. Хутка паўстагоддзя, як рука аб руку ідуць па жыцці Віталь і Лідзія Пісарэнкі. Паразуменне і павага, узаемадапамога і любоў – аснова не толькі моцнага сямейнага саюза. Назапашаным за перыяд сумеснага жыцця багажом ведаў яны з радасцю дзеляцца з маладымі сем’ямі. Не дазваляюць цямнець вокнам бацькоўскай хаты Пётр і Віктар Чвыровы. Бацькоўскі наказ беражліва ставіцца да кожнага кавалачка зямлі для іх не проста сыноўні доўг, а ўкладзены з ранняга дзяцінства сэнс чалавечага існавання. У процівагу існуючай думцы, што вёска вымірае, у Адзінстве практычна ў кожным доме раздаюцца галасы і залівісты смех дзяцей. Такія важныя і неабходныя якасці, як працавітасць і добрасуседства імкнуцца выхаваць у сваіх дачок браты Мікалай і Юрый Захарэнкі. Шанаваць здабыткі і берагчы родны кут навучае сваіх дзяцей Таццяна Рослікава. А гадавалы Цімур Кандраценка, ледзь навучыўшыся хадзіць, з радасцю спяшаецца на дапамогу бацьку. Тут ведаюць і шануюць памяць пра тых, каго ўжо няма. Добрым словам успамінаюць выхадцаў, якія праславіліся сваімі высокімі дасягненнямі. Спартсмены Міхаіл і Леанід Серыкавы з лёгкасцю маглі абудзіць спартыўны азарт нават у самага пасіўнага чалавека. Не адно пакаленне вайскоўцаў выхаваў палкоўнік, выкладчык Серпухаўскай акадэміі ракетных войск стратэгічнага прызначэння Анатоль Пісарэнка. Ён, як ніхто іншы, мог з лёгкасцю растлумачыць бязвусым юнакам, што значыць берагчы і абараняць сваю Радзіму…

Васіль і Валянціна Бабровы
Лідзія Рослікава
Пётр Чвыроў
Юрый Захарэнка

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика