Ад горада да горада з настроем і любоўю да народнага

Чачэрскі бортнік і майстар мастацкай гальванапластыкі Аляксандр Плістаў штогод робіць турнэ па Беларусі, знаёміцца з адметнасцямі рэгіёнаў краіны, а таксама Расійскай Федэрацыі, прымае ўдзел у выставах народнага рамяства.

За мінулае паўгоддзе Аляксандр разам з дачкой Крысцінай і жонкай Нінай Карпаўнай пабываў на фестывалі «Казюкі-2021» і вялікодным кірмашы ў Гродне, дэманстраваў рукатворны цуд гальванапластыкі на рэчыцкай Масленіцы, у Гомелі на Дні здароўя і святкаванні 9 Мая. Карысталіся попытам яго вырабы, а таксама створаныя стараннямі Крысціны вышыўка, дэкаратыўнае вязанне і канзашы ў Полацку і Бабруйску. Падарожнічаючы па цікавых мясцінах, чачаране дзівяцца прыгажосцю беларускіх гарадоў, наводзяць масты сяброўства з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей і рэкламуюць свой край праз дэкаратыўна-прыкладную творчасць. А дадому прывозяць непаўторныя пачуцці ад фестывалю «Александрыя збірае сяброў», народнай прыпеўкі і сырнага фэсту, што праходзяць у Слаўгарадзе і іншых. А падчас «Славянскага базару» Аляксандр Леанідавіч з жонкай увесь тыдзень сачылі за выступленнямі вядомых спевакоў і музыкантаў. Юбілейны 30-ты фестываль уразіў сваім маштабам і таленавітымі выканаўцамі. Незабыўныя ўражанні пакінуў у чачаран калектыў артыстаў з ударнымі інструментамі «BARABAND», дуэт баяністаў і яўрэйскі хор. Было незвычайна цікава назіраць за чукоцкімі традыцыйнымі, а таксама спартыўнымі танцамі ў выкананні групы пенсіянераўаматараў здаровага ладу жыцця. Паказальна-прафілактычныя выступленні з віктарынамі, атракцыёнамі і конкурсамі па бяспецы жыцця арганізавалі супрацоўнікі дэпартамента аховы і выратавальнікі. Каля іх гульнёвых пляцовак было найбольш шумна і весела. А незвычайным сюрпрызам для гасцей свята стала вулічнае шоу «Дождж па раскладу», калі ў 35-градусную спёку на Пушкінскім мосце на людзей кожную гадзіну раптам пралівалася вада з пажарных рукавоў. Калі дадаць да гэтага захапляльны канцэрт Рыгора Лепса, фестываль вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», акрабатаў і іншых артыстаў цырка, дэкламатараў вершаў і феерыю агульнага настрою – эмоцыі проста зашкальвалі. «За гэтыя 7 дзён мы атрымалі столькі пазітыву і станоўчых пачуццяў, што хопіць на ўвесь год, да наступнага фэсту, – усміхаецца Аляксандр Плістаў. – Спадзяёмся, што і ў Брэсце, куды мяркуем паехаць за новымі ўражаннямі, атрымаем не меншы зарад энергіі, духоўнага пад’ёму і задавальнення».

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика