Кнігі дастаўляе бібліёбус

Бібліёбус цэнтральнай раённай бібліятэкі зноў адправіўся ў дарогу. На гэты раз маршрут пралягаў па населеных пунктах Отарскага сельсавета. Бібліятэкар Таццяна Крыжанкова загадзя падабрала фонд літаратуры для вясковых жыхароў. За час такіх паездак, а было іх вельмі шмат, яна добра вывучыла густы чытачоў і ведае каму што прапанаваць, з задавальненнем выконвае заказы сяльчан.

Прыгодніцкая і навуковая літаратура, дэтэктывы і сюжэтныя раманы, гістарычная тэматыка ішлі на расхоп. Унукі пенсіянеркі, былой перадавой даяркі Ніны Талкачовай з Сапрык, нават запляскалі ў далоні, убачыўшы маляўнічыя старонкі з ілюстрацыямі народных казак. Набегаўшыся ўволю па вясковых вуліцах, прыемна пасядзець некалькі хвілін у цянёчку і пазнаёміцца з захапляльным сюжэтам. Адна з пастаянных чытачоў на сяле – Зінаіда Чвырова з Глыбочыцы. Хоць улетку хапае клопату на прысядзібным участку, аднак знаходзіцца хвілінка і для любімага занятку. Хочацца даведацца пра карысныя якасці лекавых траў з «Народнага доктара» ці знайсці слушную жыццёвую параду ў «Гаспадыні». Жанчына выкарыстоўвае на практыцы ўсю інфармацыю, якая можа спатрэбіцца для ўладкавання камфортнага побыту. Яе сусед Аляксандр Новікаў таксама чытае шмат. Інвалід 3-й групы аддае перавагу ваеннай літаратуры, з маленства мае прыхільнасць да гісторыі. А калі вочы стомяцца ад дробных літар, ён уключае прыстаўку DVD з дыскамі кінастужак, якія мужчыне па яго просьбе дастаўляе ўсё той жа бібліёбус. І ўсё ж у жыцці пенсіянера пераважае чытанне. Дарэчы, не супраць патрымаць у руках тоўсты зборнік займальных аповядаў яго 87-гадовая маці, некалі майстравітая ў раёне вышывальшчыца Ніна Аляксандраўна. Так, ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты едзе бібліятэка на колах да сваіх прыхільнікаў. Прыемна, што вясковыя жыхары, не зважаючы на штодзённы клопат і работу ў агародзе, адводзяць час для карыснага занятку. А Таццяна Крыжанкова, вяртаючыся дадому, задаволена ўздыхае – дзень прайшоў недарэмна, паслугі па кнігавыдачы насельніцтву выкананы няблага, патрэбы чытачоў заахвочаны. Значыць, добра людзям, прыемна і самой за тую справу, якую яна робіць ад душы.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика