Насустрач юбілею

Усё бліжэй чачаране да святкавання 850-годдзя нашага горада. Акрамя культурна-масавай праграмы, якая плануецца ў райцэнтры, арганізатары свята даюць унікальную магчымасць для таленавітых і неардынарных асоб выявіць сябе.
ВЕЛІЧ ЧАЧЭРШЧЫНЫ Ў КАРЦІНАХ
У мэтах папулярызацыі мастацкай творчасці, выяўлення і развіцця творчых асоб і ініцыятыў, павышэння мастацкага ўзроўню насельніцтва ў раёне аб’яўлены конкурс мастакоў на стварэнне карцін, малюнкаў, прысвечаных 850-годдзю горада. Удзельнікамі конкурсу могуць стаць як чачаране, так і жыхары іншых рэгіёнаў па дзвюх узроставых катэгорыях: «Дзеці і моладзь» (ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў), «Дарослыя». Творы могуць прадстаўляцца па трох намінацыях: «Духоўная спадчына», «Чачэршчына і гісторыя», «Чачэршчына – мой край родны».
Працы павінны быць выкананы акварэллю, алейнымі фарбамі, каляровымі алоўкамі, каляровымі крэйдамі. Памер – не меней ліста фармату А3 і не больш за 70 см па вялікаму боку без рамачнага афармлення. Да кожнай працы павінен прыкладацца пашпарт з інфармацыяй аб назве твора, з поўнымі звесткамі аб выканаўцы, адрас. Тэрмін правядзення конкурсу да 15 жніўня 2009г.
З ЛЮБОЎЮ ЎСЛАЎЛЯЮЧЫ РОДНЫ КУТ
Для выяўлення ідэі значнасці г.Чачэрска ў культурна-гістарычнай спадчыне Беларусі, з мэтай папулярызацыі яго гістарычнай і духоўнай спадчыны, патрыятычнага выхавання моладзі, падтрымкі і заахвочвання адораных людзей у раёне абвешчаны конкурс сярод паэтаў-песеннікаў на стварэнне лепшага твора, прысвечанага г.Чачэрску, і лепшага твора на духоўную тэматыку. Менавіта па гэтых дзвюх намінацыях і будуць ацэньвацца дасланыя працы.
Удзельнікамі могуць стаць творчыя асобы і калектывы. Кожны мае права прадставіць да двух твораў як на рускай, так і на беларускай мовах (тэкст або музыка, тэкст і музыка). Апошні тэрмін падачы прац – 1 жніўня 2009 г. Адрас атрымальніка: плошча імя Леніна, 2, 247152, г.Чачэрск, Гомельская вобласць, з паметкай «На конкурс» (раённы выканаўчы камітэт, 417 кабінет).
«ТРЫУМФ»
Яшчэ адной значнай навіной у жыцці раёна з’яўляецца правядзенне цырымоніі ўручэння прызоў у сацыяльна-культурным жыцці Чачэршчыны «Трыумф». Улічваючы тое, што цырымонію плануецца зрабіць традыцыйнай, аддзел культуры аб’яўляе конкурс на выраб прыза пераможцам. Прыняць удзел могуць усё жадаючыя майстры прыкладной творчасці. Прыз можа быць выраблены з любога матэрыялу (дрэва, кераміка, метал, салома і інш.). Асаблівая ўвага застанецца за працамі з сімволікай г.Чачэрска. Таксама прыз павінен мець аб’ёмную форму з абавязковым нанясеннем назвы «Трыумф». Працы неабходна накіраваць у аргкамітэт конкурсу да 1 верасня. Прадугледжана ўзнагароджанне пераможцаў па ўсіх намінацыях трох конкурсаў грашовымі прэміямі і каштоўнымі прызамі.
Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць, патэлефанаваўшы па нумару: 3-22-47 (РАМЦ).

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика