Прайшоў дзве вайны і перыяд аднаўлення

Жыхар Палесся Васіль Гарбачоў – адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў калектывізацыі.
Нарадзіўся Васіль Іванавіч у 1885 годзе ў шматдзетнай сям’і ў вёсцы Палессе. Лёс мужчыны склаўся так, што ён быў вымушаны пакінуць сям’ю і пераехаць у Крывы Рог на Украіну. Падчас Першай сусветнай вайны трапіў у нямецкі палон і дадому вярнуўся толькі пасля рэвалюцыі. На той час у бацькавай хаце – настаўніка прыхадской школы – стала цесна, бо дзеці выраслі і пажаніліся. Тады Васіль Іванавіч вырашыў пабудаваць сваё ўласнае жытло і паставіў новы дом на былых землях памешчыкаў. Брат пераняў яго прыклад. Так утварыўся пасёлак Бязбожнік, які потым разросся больш за 20 падворкаў.
Новыя перамены ў аграрнай палітыцы, цвёрдае станаўленне савецкай улады патрабавалі разумных і здольных кадраў. У Васіля Гарбачова, сына настаўніка, было 4 класы адукацыі, што на той час мела вялікую перавагу. Не дзіва, што Васіль Іванавіч прымаў удзел у калектывізацыі, ён праводзіў агітацыйна-прапагандысцкую работу, заклікаў вяскоўцаў уступаць у калгасы. Жонка Марыя Раманаўна ва ўсім яго падтрымлівала, хадзіла ў паляводчую брыгаду. На палескіх землях густа рос лён, на вызваленых ад ельніку ўчастках сеялі проса, грэчку. Тэхнікі не было, з агрэгатаў – плуг ды барана. Таму касілі, малацілі, убіралі хлеб уручную, аралі і сеялі на конях.
У вайну сям’я Васіля Гарбачова цудам засталася ў жывых, ледзьве не загінуў і сам Васіль Іванавіч. Па прычыне ўзросту на фронт яго не ўзялі і пакінулі для магчымай падпольнай дзейнасці, выдалі зброю. Аднойчы мужчыну разам з вяскоўцамі, у каго меліся коні, немцы прымусілі працаваць на «вялікую Германію» – сабралі абоз і загадалі дастаўляць боепрыпасы на перадавую гітлераўскай арміі. Назад Васіль Гарбачоў вярнуўся толькі праз месяц і наладзіў сувязь з партызанамі. Яны часта прыходзілі ў яго хату за хлебам і іншым харчам, які збіралі вяскоўцы для народных мсціўцаў. Аднойчы нехта даклаў пра гэта фашыстам і расказаў, што ў мужчыны ёсць вінтоўка. Васіля Іванавіча схапілі і тыдзень трымалі ў палоне, моцна білі. Але адпусцілі.
Пасля вызвалення краю пачалося аднаўленне жыцця. Вопыт Васіля Гарбачова зноў спатрэбіўся, наш зямляк каля 2-х гадоў працаваў у «Камунары» старшынёй калгаса, потым брыгадзірам і памёр у 1959 годзе. З яго пяцярых дзяцей сёння засталіся 92-гадовая дачка Еўдакія і яе малодшая сястра Настасся. Ім удалося дажыць да сталых гадоў. Еўдакія Васільеўна зараз у Добрушы, яна і падзяліліся гісторыяй лёсу свайго бацькі.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика