“НАС ЛЕДЗЬ НЕ СПАЛІЛІ, НІБЫ Ў ХАТЫНІ”

Асінаўка былога Рудня-Барталамееўскага сельсавета сёння значыцца ў некалькіх трагічных спісах. Напэўна, лёсам ёй было наканавана існаваць толькі ў памяці жыхароў. Першы раз вёска адрадзілася ў прамым сэнсе з попелу недзе ў 1923 годзе. трагедыя здарылася, калі ў аднаго з жыхароў выпадкова загарэлася гумно. Канчатковае ж знікненне прыйшло пасля катастрофы на ЧАЭС, калі пачаліся масавыя адсяленні. А вось той самы жудасны і жорсткі здзек адчула Асінаўка падчас вайны. Завесу памяці прыадкрыла былая жыхарка вёскі Марыя Рыгораўна Лагойкіна, якая сустрэла вайну пятнаццацігадовай дзяўчынкай.
Немцы прыйшлі, абаснаваліся ў хатах, якія ім аказаліся больш да спадобы, а ў астатнія наведваліся таксама як дадому, забіралі прадукты. Гатавалі сярод вёскі, а што не даядалі, выкідвалі прама на вуліцу, вяскоўцы ж у гэты час слінкамі зыходзілі. Між молатам і накавадлам апынуліся жыхары Асінаўкі: днём ежу забіралі немцы, а ноччу нешта трэба было даваць партызанам… Вораг пабыў і пайшоў. Але ненадоўга. У наступны раз фашысты вярнуліся з адной мэтай: знайсці сляды партызан. Спачатку разарвалі сярод вёскі снарад, потым усіх жыхароў сабралі ля могілак, трымалі на прыцэле. “Ніхто ўжо і не верыў, што застанемся жывымі”, – змагаецца з моцным перажываннем Марыя Рыгораўна.– Тут пад’ехалі яшчэ немцы, нешта між сабой абмеркавалі”. Асінаўцаў адпусцілі. Праз некаторы час раніцай у вёску з’ехаліся падводы з суседніх населеных пунктаў. Адвезлі ўсіх у Чачэрск, гэта недзе 30 кіламетраў ад Асінаўкі. Рэчы пакінулі ў ратушы, людзей пасялілі ў двухпавярховым доме, хоць і вялікім, але надта цесным для такога натоўпу, таму даводзілася спаць амаль седзячы. Нікога не выпускалі, ля дзвярэй стаяла варта. Марыя Рыгораўна памятае, што кармілі нечым зусім нясмачным, але з голаду памерці не давалі. Чачаранка Надзея Сінельнікава, маці якой таксама расказвала дачцэ пра той выпадак, узгадвае: “Спачатку дні тры для іх, галодных, вымочвалі бочкі з-пад бензіну і толькі потым у іх зварылі баланду”. Пачуццё невыноснага голаду і пах гаручага ў выніку выліліся ў прыступы ірвоты…
Сёння на месцы Асінаўкі красуецца густы лес, нават і слядоў былога не відаць. Тады, у сорак трэцім, яе жыхары назіралі праз вокны, як пакрылася дымам малая радзіма. Здаецца, і не плакалі нават. Вёску спалілі, жыхароў яе размеракавалі па іншых, але не ўсе знайшлі сабе прытулак – чалавек дванаццаць растралялі за сувязь з партызанамі. Калі вораг быў выгнаны з тэрыторыі Чачэршчыны, многія асінаўцы накіраваліся на вотчыну. Толькі абгарэлыя шулы дзе-нідзе віднеліся на месцах хат. Спачатку рабілі курані, начавалі пад адкрытым небам. Паступова вёска адрадзілася, адбудавалася, зноў заквітнела, але ненадоўга. Чарнобыльская катастрофа ўнесла свае праўкі ў яе існаванне. Толькі гэта ўжо іншая гісторыя…
Наталля СУВАЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика