Каштоўнасці чачэрскай зямлі

На чачэрскай зямлі шмат цікавага. Галоўная славутасць горада – унікальная па сваіх архітэктурных формах ратуша.

Пабудаваны ў 18 стагоддзі цагляны будынак мае 5 драўляных вежаў, адна з якіх раней была ўпрыгожана каляровым вітражом. Унутры вінтавая лесвіца, па якой хадзіла сама графіня Чарнышова. На верхнім ярусе – назіральная пляцоўка, з якой адкрываецца шырокі далягляд, тут вяшчальнік апавяшчаў насельніцтва, што ў горад прыехалі заможныя госці. Зараз у ратушы гісторыка-этнаграфічны музей.

Другой каштоўнасцю называюць храм Прэабражэння Гасподня. Наша царква заснавана ў 18 стагоддзі. У чачэрскім храме захоўваецца ўнікальная праваслаўная рэліквія – абраз Іаана Кармянскага, які міраточыць. Кажуць, святы дапамагае хворым. Пра тое, што менавіта ў Бабічах нарадзіліся і жылі мастакі-іканапісцы браты Уладзімір і Гаўрыіл Гераковы, вядома кожнаму. Апошнія з роду яшчэ ў мінулым стагоддзі пісалі лікі святых, якія віселі амаль у кожнай вясковай хаце. Найбольш позні твор – ікона «Спасланне», даціраваная 1678 годам, знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Некалькі ёсць у чачэрскім музеі.

Госці горада і чачаране любяць рабіць фотаздамкі на фоне былой сядзібы графа Чарнышова-Круглікава. Палацава-паркавы ансамбль маёнтка захоўвае подых стагоддзяў і нейкую таямнічасць. Найбольшую ўвагу прыцягвае адкрытая летняя тэраса на тонкіх чыгунных кансолях з фігурным узорыстым аздабленнем. У нашы дні тут размяшчаліся кабінеты работнікаў культуры, цэнтр рамёстваў, этнаграфіі і фальклору, працаваў духавы аркестр і іншае. Але зараз па прычыне аварыйнага стану на архітэктурны шэдэўр можна паглядзець толькі звонку.

Сярод археалагічных помнікаў нашага краю – сівыя курганы, дзе праглядваюцца элементы гарадзішча. Як мяркуюць даследчыкі, унутры гэтых насыпаў шматслойныя пахаванні, якія захоўваюць астанкі людзей некалькіх гістарычных эпох. У раёне на ўліку 20 помнікаў археалогіі, занесеных у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Чачэршчыны.

Верхнепалеалітычная стаянка першабытнага чалавека ў Бердыжы шырока вядома ў Беларусі. Яе ўзрост прыблізна 26 тысяч гадоў. Тут знойдзена шмат костак маманта і яшчэ 19 відаў жывёлы, у тым ліку паўночнага аленя, мядзведзя, шурсцістага насарога, зубра. Сярод каменных прылад адшукалі наканечнікі дзід з бакавымі выемкамі, скрабкі, нажавідныя пласціны і іншае. На жаль, стаянка знаходзіцца ў зоне павышанай радыяцыйнай забруджанасці і доступ сюды абмежаваны.

Жамчужына старажытнага Чачэрска, яго гонар і нямы сведка былой велічы – Замкавая гара. Раней для вакольнага горада яна служыла абаронным аб’ектам і складалася з комплексу збудаванняў: землянога вала, драўляных сцен, веж-варот з пад’ёмным мастком. На гары стаялі гаспадарскія пабудовы, меўся ўмацаваны дзядзінец, гарнізон якога кантраляваў гандлёвы шлях па Сажы і Чачоры. Вакол дзядзінца размяшчаліся хаты рамеснікаў, гандляроў, вольных земляробаў. Сёння тут усталяваны помнік, пад якім пахаваны астанкі больш за 400 воінаў, што загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Таксама на гэтым месцы знайшла свой апошні прытулак балгарская патрыётка, карэспандэнт газеты «Камсамольская праўда» Лілія КараСтаянава.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика