Духоўная спадчына: як чачаране зберагаюць мясцовыя традыцыі

Чачэршчына багатая на традыцыйную духоўную спадчыну і беларускія звычаі. З цягам часу каштоўныя культурныя здабыткі не згубіліся, а толькі памножыліся. Пачынаючы з першага месяца года па царкоўнаму і народнаму календарах людзі ладзілі сваё жыццё. Гэты цыкл змяшчае шматлікія абрады, прыкметы і павер`і, якія раскрываюць унутраны свет чалавека, яго штодзённыя клопаты і мары.

Шматгадовы вопыт, перададзены нашчадкам, дапамагаў арыентавацца ў з`явах прыроды, ад якіх нярэдка залежылі ураджай, дабрабыт і само жыццё сялянскай сям`і. Ёсць такія назапашванні і на чачэрскай зямлі. Духоўнай падтрымкай чалавека з’яўляецца малітва, з яе пачынаецца любая абрадавая дзея. Да сёння жыхары вёсак Рэпішча, Сапрыкі і Матнявічы захавалі абрад пераноса свячы, у якім прымаюць удзел малыя і дарослыя. Людзі вераць, што святы Мікола і Іісус Хрыстос дапамогуць зберагчы здароўе, мір і дастатак у хаце.

А ў Залессі вернікі б’юць паклоны каля іконы Свяціцеля Васіля. На саракавы дзень пасля Вялікадня – свята Узнясення Гасподня, з мэтай абярэгу жывёл, людзей і іх жытла ад грому, урагану, любой бяды ў Валосавічах праводзіцца абрад пахавання стралы з песнямі і карагодамі. Гэты звычай таксама ўяўляе чарадзейнае дзеянне на ўрадлівасць глебы. Кожны год у святочным шэсці ўдзельнічаюць мясцовыя жыхары і госці, якія прыязджаюць сюды акунуцца ў эйфарыю магіі, таямніцтва і сілы прыроды. Да таго ж рытуал, як сцвярджаюць жыхары, аберагае вёску ад пажару і нягод.

Гэту традыцыю падтрымліваюць і ў Бабічах. Праўда, са сваімі мясцовымі адметнасцямі і спеўным каларытам, але з тым жа сэнсам і мэтай – забяспечыць годнае жыццё і шчаслівую долю. А ў гэтым годзе ў Валосавічах вярнулі да жыцця традыцыі святкавання Благавешчання – палілі вогнішча, чыталі замовы на дастатак, скакалі праз агонь.

Свята земляробчага календара «Ваджэнне куста» ў Меркулавічах штогод адбываецца на Троіцу. Зялёныя святкі, або Сёмуха, лічыцца жаночым і адзначаецца на восьмым тыдні пасля Вялікадня, або на пяцідзясяты дзень, таму і называецца яшчэ «пяцідзясятніцай». Гэта культ росквіту расліннасці і ўшанавання зеляніны. Напярэдадні гуляння вяскоўцы ўпрыгожвалі свае хаты і гаспадарчыя пабудовы галінкамі клёну, яварам, так званы май. У многіх вёсках на Троіцу куміліся, прасілі адзін у аднаго прабачэння. Моладзь у вяночках, людзі з траецкімі песнямі, праслаўляючы прыроду і ўсё жывое, выходзілі на вясёлае ігрышча, завязвалі чырвоныя стужкі на агульны вялікі вянок і пускалі яго на ваду, частаваліся караваем і ладзілі застолле.

У Меркулавічах «Ваджэнне куста» аднавіла былы дырэктар вясковай культустановы Алена Бозікава, і зараз кожнаму жадаючаму можна прыняць удзел у магічным рытуале. Таксама ў вёсцы ведаюць, як выклікаць дождж. Калі сонца доўга паліць гарачынёй, а неба бясхмарнае, тут просяць Усявышняга злітасцівіцца і паслаць на зямлю выратавальную вільгаць.

Для чачаран сталі брэндавымі Мядовы і Яблычны Спас. Першы пад назвай «Край, дзе сонца залаціцца мёдам» праводзіцца ў Чачэрску. Да нас з’язджаюцца бортнікі, рамеснікі з усяго наваколля і не толькі. Гэта дае магчымасць пазнаёміцца з культурай суседніх рэгіёнаў, зацікавіць турыстаў і прыцягнуць іх увагу да архітэктурных каштоўнасцей нашага краю.

Другі Спас шырока адзначаецца ў Бабічах. На яблычную багатуху збіраюцца і старыя, і малыя. Гучыць малітва, звіняць званы, працуюць выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, людзі асвячаюць дары сада і частуюцца. Вёска ажывае. Тут не бывае абыякавых, у душы кожнага застаецца водгалас народнага лікавання.

Унікальнай магчымасцю ўшанавання праваслаўных святынь, духоўнага яднання і турыстычнага развіцця Чачэршыны стаў Велікодны фестываль, які замацаваўся ў аграгарадку Залессе. Тут упрыгожваюць стужкамі штучнае Дрэва жаданняў і саджаюць жывыя як сімвал жыцця і росквіту. Асаблівая ўвага надаецца атрыбуту свята – яйку. Іх вырабляюць з розных матэрыялаў. З яйкам звязана шмат павер’яў, і ўсе яны накіраваны на абарону чалавека, засцярогу ад няўроду.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика