На вастрыні духоўнага накалу

Адароная, ініцыятыўная асоба заўсёды знойдзе час для высакароднай справы, месца светлым памкненням і добрым учынкам. Працу і творчае захапленне інжынер-энергетык аддзела культуры райвыканкама Мікалай Крыўко спалучае вельмі ўдала, ненавязліва. І ад таго атрымоўвае асалоду сам, радуе шчодрым прыродным дараваннем навакольных.
На рабоце яго вылучае спагадлівасць, эрудыцыя, вялікая адказнасць, хуткае рэагаванне на любую просьбу аб дапамозе, карыснай парадзе ці выказванне пункта погляду. Свае службовыя абавязкі ён не толькі выконвае якасна і заўсёды з душой, але пастаянна знаходзіць спосабы і метады наладжвання рытмічнага працоўнага працэсу, бесперабойнага функцыянавання сістэм электрычнай і цеплавой гаспадаркі. Прыязны, добразычлівы, адказны, ён гатовы ісці насустрач зваротам іншых і раздзяляць іх праблемы, здымаць пытанні часовых тэхнічных непаладак і ўнутраны псіхалагічны накал, нават ахвяруючы ўласным часам, сваімі бліжэйшымі планамі. Мікалай актыўна займаецца самаадукацыяй, вывучае і наноў паўтарае вучэбныя матэрыялы па фізіцы, матэматыцы, біялогіі. Заўсёды вышуквае ў прафесійнай дзейнасці нешта новае, перспектыўнае, высокатэхналагічнае. Даручаную яму справу можна загадзя назваць вырашанай, бо спыняцца на паўдарозе – не ў яго правілах. Таму невыпадкова старанні інжынера-энергетыка былі заўважаны кіраўніцтвам, а прозвішча спецыяліста занесена на раённую Дошку гонару па выніках работы за мінулы год.
Вельмі важную ролю ў яго жыцці адыгрывае музыка. Ён шырока раскрывае сваё сэрца аднадумцам, такім жа аматарам традыцыйнай беларускай культуры, бо проста не ўяўляе жыццё без свайго захаплення. Мікалай Крыўко – стваральнік і кіраўнік духавога аркестра ГДК, вакальна-інструментальнага этнічнага гурта “Чачэрская лютня”. Любое выступленне яго калектыву пакідае ў сэрцы слухачоў глыбокі адбітак прыемных уражанняў, пачуццё светлага і радаснага, высокаэмацыянальнага духоўнага пад’ёму.
– Я прайшоў доўгі шлях у пошуках творчага накірунку, – расказвае музыкант. – Гэты перыяд расцягнуўся на восем гадоў. Нарэшце ў 2009 годзе на шырокую публіку я прадставіў першае выступленне калектыву “Чачэрская лютня”. Мне пашчасціла знайсці такіх жа аматараў этнічнай беларускай культуры, і рэпертуар папоўнілі новыя музычна-песенныя творы. За каштоўным матэрыялам нам з рабятамі давялося ехаць у Веткаўскі раён. Мы абменьваліся канцэртамі, давалі майстар-класы ў вёсках Казацкія Балсуны, Стаўбуны, Пералёўка. Вельмі запамінальнымі былі паездкі ў Неглюбку, дзе мясцовы фальклор добра захаваўся ў абрадзе ваджэння стралы. Сёння песня “Як пушчу стралу” стала адной з адметных і для нашага гурта.
Канцэрты “Чачэрскай лютні” праходзяць толькі жывым гукам з прымяненнем пераважна драўляных народных інструментаў, зрэдку мелодыі аздабляе клавішны сінтэзатар. Гукі дуды, акарыны, жалейкі, флейты, балалайкі надаюць асаблівы каларыт канцэртнаму нумару, зачароўваюць, прыцягваюць да сябе і павялічваюць унутраны духоўны накал. Але як усё ж у апантанага аматара народнай традыцыйнай спадчыны атрымоўваецца так лаканічна спалучаць працу, дзе неабходны халодны правільны разлік, і такое гарачае прыцягненне да духоўнай культуры?
– Не заўсёды лёгка, – пагаджаецца Мікалай. – Іншы раз пасля чарговага выступлення на 20 мастацкіх нумароў прыходжу на працу і не магу адразу пераключыцца на “разліковы рэжым”. Бо ў галаве яшчэ кружыць музыка, пануе атмасфера перажытых момантаў свята, гармонія і магічная сіла старажытных мелодый.
Маладому музыканту-самародку чамусьці бліжэй да сэрца заўсёды была субкультура з яе асаблівасцямі і нацыянальнай асновай. Гэта і стала ў далейшым падмуркам для яго творчага развіцця, штуршком для самарэалізацыі і раскрыцця свайго бязмежнага прыроднага таленту. Духоўны патэнцыял Мікалая настолькі багаты, што, па яго словах, пры жаданні можна было б стварыць не адзін, не два, а некалькі музычных калектываў. На жаль, усе свае мары і творчыя задумкі прыхільнік народнай песні і музыкі будзе ператвараць у жыццё ўжо на віцебскай зямлі – Мікалай Крыўко мяняе месца жыхарства і пакідае Чачэрск, яго ўжо чакаюць на такую ж пасаду інжынера-энергетыка ў аддзеле культуры славутага беларускага горада. Ці не шкада развітвацца з сябрамі, з калектывам?
–Так, крыху тужліва, – прызнаецца ён. – Аднак прыцягвае тое, што наперадзе шмат нязведанага. У сэрцы пануе пэўны азарт, нейкая інтрыга – як жа лёс далей складзецца? Канешне, хочацца ісці па жыцці накатанай каляінай, моцна стаяць на нагах і замацавацца як упэўненая, самастойная асоба. Ведаю, што працаваць будзе нялёгка, бо мне стануць падпарадкоўвацца 78 аб’ектаў культуры. Пакуль што канкрэтных планаў няма, але думаю, што і ў Віцебску я знайду для сябе занятак па душы. А свой калектыў, свае культурныя напрацоўкі я перадаю не менш таленавітаму і зацікаўленаму музыканту Алегу Брыцікаву. Ні творчых, ні сяброўскіх сувязяў з калегамі і паплечнікамі я губляць не збіраюся.
Для Мікалая адкрываюцца новыя далягляды, новыя перспектывы і новыя адчуванні. Мы будзем сачыць за жыццём і поспехамі гэтага цудоўнага, незвычайнага і неардынарнага творцы. І ўжо адно тое, што ён жыў і ствараў прыгожае на Чачэршчыне – і ганарліва, і пачэсна для тых, хто ведаў і сябраваў з Мікалаем, хто жыў яго марамі, думкамі і клопатам.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика