У пашпарце 80, у працоўнай кніжцы – 50

Жыхарка аграгарадка Меркулавічы Ніна Цітова 1 мая адзначыла сваё 80-годдзе. Ніна Зосімаўна ўсё жыццё прысвяцілаклопату аб роднай зямлі.

З Аляксандраўкі Буда-Кашалёўскага раёна яна пайшла замуж у Іскру Меркулавіцкага сельсавета. Адсюль і пачаўся яе доўгі шлях у прафесію. У 1964 годзе пасля заканчэння Жыліцкага сельскагаспадарчага тэхнікума агранома прынялі на работу. Амаль паўстагоддзя жанчына шчыравала на саўгасных палетках «Меркулавіч», дзе актыўна займаліся бульбаводствам.

У сярэдзіне 60-х ураджайнасць дасягала ўсяго 59 ц з гектара, а пасля таго, як гаспадарка атрымала статус эксперыментальнай базы і стала вопытнай пляцоўкай, сітуацыя рэзка змянілася. Аграрыі з плошчы 260 гектараў атрымоўвалі па 300 ц/га і болей валам да 7 тысяч тон. У тым вялікая заслуга Ніны Цітовай, якая выпрацавала сваю сістэму вырошчвання другога хлеба.

Ад вясны да восені калектыву хапала клопату ў бульбасховішчы, на міжрадковай прачыстцы, уборцы сельгаспрадукцыі. Вырошчвалі да 16 гатункаў крахмальных клубняў эліты і суперэліты. Самымі смачнымі і прадуктыўнымі лічыліся «Лілея», «Скарб», «Жывіца», «Журавінка», «Брыз», «Уладар». Дзяржаве рэалізоўвалі тоны насення, рыхтуючы суперэлітны матэрыял ва ўласных гадавальніках. У Меркулавічы за вопытам прыязджалі спецыялісты з вобласці, наведваўся падзівіцца чысцінёй роўнай баразны першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі Пётр Машэраў.

Ніна Зосімаўна 10 гадоў працавала вядучым аграномам па бульбаводству, пасля выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ 16 гадоў вяла гэту галіну вытворчасці. За старанную працу і перадавыя тэхналогіі адзначана шматлікімі граматамі і падзячнымі лістамі раённага і абласнога кіраўніцтва, аблсавета дэпутатаў, Міністэрства сельскай гаспадаркі. Узнагароджана медалём «За доблесную працу» і значком пераможцы сацспаборніцтва 1977 года.

З цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае тых, хто быў побач, а гэта два пакаленні бульбаводаў: Леанід Казлоў, Васіль Якавенка, Васіль Лявончыкаў, Іван Глухаў, Міхаіл Андрэйчыкаў. Больш маладыя браты Валерый і Міхаіл Быкоўскія, Валерый Дзямідаў, аграномы Таццяна Казлова і Таццяна Еўстраценка, тэхнік Уладзімір Саўкоў. Ніна Зосімаўна дзякуе ўсім рабочым бульбаводчай брыгады і успамінае перыяд працы як лепшы час свайго жыцця.

Цяпер у жанчыны спакойныя будні. За саўгасным клопатам на сябе не хапала часу. Дачушка вырасла і з’ехала ў горад, муж загінуў падчас уборкі бульбы зусім маладым. Зараз у Ніны Зосімаўны двое ўнукаў і 4 праўнукі. Яны абавязкова прыедуць у госці на дранікі і аладкі з мёдам. Толькі б здаровай бабуля была…

В.БАГДАНОВІЧ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика