ЛЁС, ПРАДВЫЗНАЧАНЫ БОГАМ

Мікалай Мікалаевіч і Ірына Міхайлаўна Нікішовы ў гэтым годзе адзначылі 25-годдзе сумеснага жыцця. Гледзячы ў сямейным альбоме на шлюбны фотаздымак, якому ўжо чвэрць стагоддзя, нельга не заўважыць ў позірках шчырых пачуццяў, якія муж і жонка захавалі на ўсё жыццё. І сёння, крыху хвалюючыся, Мікалай Мікалаевіч расказвае, як знаёміўся са сваёй Ірай, запрашаў яе ў кіно, прагульваўся з каханай па парку. Яны сустрэліся ў Гомелі ў кампаніі сяброў, калі дзяўчына, закончыўшы кулінарнае вучылішча, працавала на фабрыцы “Спартак”, а малады чалавек пасля арміі ўладкаваўся на ЗЛІН. Пазней, ужо пабудаваўшы сям’ю, вырашылі – не для іх гарадское жыццё – і пераехалі ў вёску Батвінава. Тут гадавалі дваіх сыноў Мікалая і Івана, радаваліся нараджэнню ўнучак, працуюць… Перабіраючы ў памяці юнацкія мары, жанчына прызнаецца, што больш за ўсё баялася, каб не папаўся ёй муж-п’яніца. З дзяцінства помніла расказаную мамай прыкмету – падчас мыцця падол сукенкі павінен быць сухі – так заўсёды і рабіла. І як тут не верыць народнай мудрасці? Мікалай ніколі не злоўжываў спіртным. З таго самага часу, як адчулі сябе адзіным цэлым, яны не дзялілі абавязкі: разам клапаціліся аб утульнасці дома, даглядалі хатнюю гаспадарку, а калі Ірына Міхайлаўна стала загадчыцай мясцовага клуба, разам арганізоўвалі ўмовы для цікавага адпачынку вяскоўцаў. “Мой розум – яго рукі. Так стваралася і ствараецца ўсё неабходнае для ўстановы культуры,– узгадвае Ірына Міхайлаўна. – Добрым прафесійным настаўнікам, амаль што бацькам стаў для мяне намеснік старшыні райвыканкама (а раней ён быў загадчыкам аддзела культуры) Пётр Васільевіч Несцяровіч. Ён не даваў сядзець на месцы, дзякуючы яму пастаянна было жаданне развівацца, з яго парады пасля пятнаццаці год працы вырашыла паступаць у Магілёўскае дзяржаўнае вучылішча культуры. Безумоўна, атрымаць адукацыю было б немагчыма без падтрымкі мужа. Калі я была на сесіі, Мікалай заставаўся сынам за маці і за бацьку, акрамя таго, даглядаў чатырох кароў, двух коней – і са ўсім спраўляўся”.
Ёсць у сёлетніх сярэбраных юбіляраў адно захапленне на ўсё жыццё – кветкі. Нягледзячы на сціплы сямейны бюджэт, на насенне руж і іншых прыгажунь заўсёды гаспадыня знаходзіць сродкі, каб падворак цешыў хараством ды прыемным водарам. А пра ўвагу і пяшчоту, якая дастаецца стракатым капрызулям, – і казаць нечага.
Сам глава сямейства кожны дзень кантралюе, якая кветка ўзышла, якая прыхварэла, якая зацвіла. Любімы занятак Нікішовых ў вольны час – вылазкі на прыроду. Разам з роднымі, у кампаніі з суседзямі нічога няма смачней за смажаны шашлык, духмяную вуху, прыемную размову. Так два з паловай дзесяткі год праляцелі вельмі хутка. Ірына Міхайлаўна ўпэўнена, што лёс кожнага з нас прадвызначаны на нябёсах, і раніцу пачынае з малітвы за дзяцей, здароўе блізкіх і працоўныя поспехі. “На сто ворагаў з адным Богам” – падмацоўвае прымаўкай своё жыццёвае крэда мудрая жанчына.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика