БЫВАЙ, ЗІМАЧКА-ЗІМА!

Абрадавыя запеўкі, народныя мелодыі, гандаль, пахі смажанага сала і бліноў заклікалі чачаран на вясёлае ігрышча. Мароз пакусваў людзей за рукі і прабіраўся пад паліто, аднак разагрэць цела дапамагала гарачая гарбата і традыцыйныя стравы. Тут і там стаялі палаткі з прадуктамі харчавання, дырэктар Батвінаўскага КСЦ Ірына Нікішова частавала жадаючых гарачымі пончыкамі, толькі што знятымі са скаварады. Жартавала і сыпала гумарам Таццяна Баранава з Нісімкавіч. А педагогі раёна выйшлі ў гарадскі сквер з арыгінальнымі масленічнымі выпечкамі. Ад кожнай установы адукацыі былі прадстаўлены выставы іх масцеравітых рук: бублікі і каржы з варэннем, з ікрой, з карыцай, мёдам, макам і іншымі прыправамі можна было пакаштаваць і даць ацэнку кулінарным здольнасцям настаўнікаў і выхавацеляў. Вясёлыя забавы ладзілі для дзяцей і падлеткаў работнікі аддзела культуры і раённага цэнтра творчасці. У прывабных касцюмах повараў зазывалі да свайго стала навучэнцы ДПТВ-186. А аматары рызыкі і вострых пачуццяў, спадзяючыся на ўдачу, працягвалі арганізатарам бяспройгрышнай латарэі грошы з надзеяй выцягнуць шчаслівы білецік. І некаму сапраўды шчасціла. Прапанавалася на свяце і традыцыйнае катанне на кані.
Добры канцэрт прадставілі чачаранам артысты з Меркулавіч, Бабіч, Валосавіч, а таксама госці свята – калектыў мастацкай самадзейнасці “Веткаўчанка” паланіў сэрцы аматараў народнай творчасці. Некаторыя з гледачоў не ўтрымаліся і пайшлі ў пляс, каб і ад холаду сагрэцца, і свой настрой выказаць. А каля масленічнага слупа стоўпіліся юнакі ў намеры дастаць прыз. Трэніраваныя рукі моцных хлопцаў надзейна ўтрымлівалі іх на склізкім бервяне, а больш слабыя з’язджалі ўніз, так і не дасягнуўшы сваёй мары.
На жаль, сімвалічнае для гэтага свята вогнішча так і не загарэлася, бо прывезеныя загадзя дровы намачыў дождж. Былі і іншыя нюансы ў арганізацыйным плане, аднак тыя, каму хацелася адпачыць у мінулы выхадны, атрымалі асалоду ад мерапрыемства. Пасля такога шуму і гарачых бліноў можа і сапраўды зіма адступіць.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика