ЗАХАВАЦЬ СПАДЧЫНУ

Прыемная місія выпала дырэктару цэнтральнай раённай бібіліятэчнай сістэмы Людміле Хрысцінай – гэтымі днямі яна ўручыла Ганаровую грамату Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна бібліятэкару 2-й катэгорыі Марыне Хрысцінай, якая заняла 3 месца ў абласным конкурсе “Бібліятэка, неабходная грамадству” за значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем па папулярызацыі беларускай нацыянальнай спадчыны. Узнагарода сапраўды знайшла правільны шлях, бо Марына Пятроўна – чалавек неардынарны, занепакоены, вялікі прыхільнік і захавальнік беларускай традыцыйнай культуры. Яна ўзначаліла Залескую бібліятэку ў 2004 годзе, і за гэты час зрабіла шмат карыснага дзеля таго, каб нашчадкі помнілі і пераймалі лепшыя традыцыі бацькоў. На абласны конкурс жанчына прадставіла больш за 30 матэрыялаў, у якіх у выглядзе каляровых буклетаў затанаваны матуліны кулінарныя рэцэпты і беларускія стравы, гісторыі стварэння залескага хору і мясцовай гаспадаркі, легенда ўзнікнення в. Залессе, успаміны аб Вялікай Айчыннай вайне, моўныя мясцовыя скарбы, народныя звычаі і абрады вяскоўцаў і шмат чаго іншага. Чуллівая, уважлівая, працавітая, яна заўсёды знойдзе спосаб, як зацікавіць чытача і прымусіць яго прыйсці ў храм мудрасці, вышуквае цікавыя формы прапаганды кнігі. Яна таксама прадаўжае працу аматарскага клуба “Гаспадынька”, актыўная ўдзельніца народнага залескага хору, па яе ініцыятыве створаны куток баявой воінскай славы. Але асноўны накірунак, самы напружаны і каштоўны, – адраджэнне і захаванне народнай спадчыны. Разам з дзецьмі яна арганізоўвае краязнаўча-пошукавую дзейнасць “Дакраніся да гісторыі вёскі”, сабірае мясцовы фальклор і выкарыстоўвае тэарытычныя веды на практыцы, праводзячы цікавыя тэатралізаваныя вечарыны і абрады, дэманструючы прыстольныя святы.
Час мяняецца, а залясчане па-ранейшаму наведваюць бібліятэку і сябруюць з кнігай, знаходзяць тут адтуліны для сваёй душы, для дум і мараў. У залескім храме мудрасці, як і шмат гадоў таму, пануе атмасфера дабразычлівасці, пакою і святасці.
Як паведаміла дырэктар ЦРБ Людміла Хрысціна, творчая работа Марыны Пятроўны будзе накіравана на рэспубліканскі конкурс. Будзем чакаць добрых вынікаў.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика