Жамчужына турыстычнага маршруту Чачэршчыны – батвінаўскі Музей хлеба

Адкрыццё Музея хлеба адбылося ў кастрычніку 2014 года, чырвоную стужку перарэзалі на той час намеснік старшыні райвыканкама Пётр Несцяровіч і прэзідэнт аб’яднання «Падэмантана Парменсе» правінцыі Парма сонечнай Італіі Паола Бьянкі.

І пацягнуўся ў Батвінава народ. Турыстаў з Чачэрска і іншых гарадоў прыцягвала тое, што тут можна паспрабаваць піражок, залацістую пшанічную скарынку, самому замясіць цеста.

З цягам часу Музей хлеба папаўняўся новымі экспанатамі вясковага побыту, пашыраліся турыстычныя паслугі. Усё часцей прасіліся да шчодрага стала адпачываючыя з розных куткоў Беларусі і замежжа. За паўгода ў Батвінава наведалася больш за 500 чалавек. Стала нязручна сустракаць гасцей у цесным калідоры, спатрэбіўся рамонт. Як раз у гэты час быў аб’яўлены конкурс мясцовых ініцыятыў праекта еўрапейскага саюза ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні Рэспублікі Беларусь». Дырэктар раённага Дома культуры Таццяна Тульжэнка распрацавала ініцыятыву «Музей хлеба», якая прадугледжвала фінансаванне ў памеры 30 907 еўра. І ёй пашанцавала – у ліку 30 краін свету Батвінаўскі КСЦ стаў удзельнікам асноўнага конкурсу і знайшоў матэрыяльную падтрымку.

Восенню 2017 года пачалася рэалізацыя ідэі. Былі ўстаноўлены новыя вокны і дзверы, набыта абсталяванне, посуд, народныя касцюмы, электрапеч, добраўпарадкавана дарожка. Утульную хатку займела каза Маня. А ў пачатку сакавіка 2018 года адбылося адкрыццё турыстычнага аб’екта пасля рэканструкцыі. На ўрачыстасці прысутнічалі рэгіянальны каардынатар праекта па Чачэрскаму раёну Святлана Біран і намеснік старшыні райвыканкама Юлія Басаргіна.

Слава пра салодкі батвінаўскі хлеб даляцела да Італіі, Расіі, Германіі, Эстоніі. У мінулым годзе тут гасцявала каля 10 замежных груп, а гэта каля 100 чалавек. Усяго ж дакрануліся да жывой Бацькаўшчыны і народнай культуры амаль 5000 чалавек.

– На экскурсіях мы праводзім абрадавыя дзеі веснавога і восеньскага цыклаў, – расказвае дырэктар установы Ірына Нікішова. – Напрыклад, абрады зажынак і дажынак, ваджэнне Куста, Калядкі. Дзелімся рэцэптамі велікодных кулічоў, масленічных бліноў. Гараджан цікавяць рушнікі, жорны, самапрадкі, качалкі і прасы на вуглях. Аднак на дасягнутым мы не спыняемся, плануем пашыраць паслугі, праводзіць фестывалі хлеба. На экскурсію ў Музей хлеба дэлегацыі запісваюцца за месяц.

Над стварэннем Музея хлеба доўгі час працавала загадчыца культурна-спартыўнага цэнтра Ірына Нікішова. Збіраліся бабуліны рэцэпты хлеб, адшукваліся кулінарныя сакрэты вяскоўцаў. Быў створаны дзіцячы гурток па інтарэсах «Каласок» для назапашвання фальклора. У клубе адвялі спецыяльнае памяшканне, якое абсталявалі пад вясковую хатку і паставілі печ.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика