Чачаранка Валянціна Дзегцярова вучыць і выхоўвае матчыным cловам

Ужо 20 гадоў, як ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У гімназіі беларускую мову і літаратуру з любоўю выкладае Валянціна Дзегцярова.

У выбары прафесіі прыкладам для яе стала настаўніца Покацкай сярэдняй школы Вера Мішук, якая прыехала ў вёску па размеркаванні. Правільнае вымаўленне і цудоўная дыкцыя маладой настаўніцы захапілі Валянціну, яна ўсвядоміла прыгажосць і вартасць мовы. А хутка і сама пачала выхоўваць у вучнях прыхільнасць да роднага. У 1990 годзе пасля заканчэння філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны вярнулася на малую радзіму. Яе настаўніцкі дэбют адбыўся ў СШ №1.

– Скажу, што стаўленне да беларускіх вучэбных прадметаў у вучняў рознае: ёсць прыхільнікі і тыя, хто проста працуе на адзнаку, – гаворыць педагог. – Але практыка паказвае, што з цягам часу густы мяняюцца. I калі паўстае выбар, якую мову здаваць на цэнтралізаваным тэсціраванні, амаль палова маіх выпускнікоў аддае перавагу матчынай. А каб дзеці не саромеліся нацыянальнага маўлення, я ўжо з 5 класа заклікаю іх размаўляць па-беларуску. Прычым не толькі на маіх уроках, а і паміж сабой на перапынках, дома.

Яе вучні паказваюць добрыя веды на цэнтралізаваным тэсціраванні, удзельнічаюць у творчых і інтэлектуальных конкурсах, перамагаюцьі на розных этапах рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, выступаюць на раённых і абласных навуковых канферэнцыях. У кожным новым нумары газеты «Гімназіст» ёсць публікацыі выхаванцаў: загадкі, казкі, вершы, эсэ, замалёўкі. Вучняў не пакідаюць абыякавымі сустрэчы з паэтамі-землякамі Міхасём Болсунам, Валянцінай Пранкевіч, Галінай Карповіч. «Калі ж гаварыць у цэлым аб стаўленні школьнікаў да роднай мовы, усё залежыць ад таго, якая прымяняецца методыка навучання, – лічыць настаўніца. – На ўроку для мяне галоўнае – адчуванне дзяцей, іх унутраны стан. Таму педагагічныя тэхналогіі, метады і прыёмы па некалькі разоў «прымерваю» да канкрэтнай вучэбнай сітуацыі. Ідучы на ўрок, заўсёды памятаю, што настаўнік – гэта шкло, праз якое вучні глядзяць на свет».

В.БАГДАНОВІЧ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика