НА СКРЫЖАВАННІ ТРОХ ДАРОГ…

Трапіўшы ў в.Башыца Меркулавіцкага сельсавета, мне на памяць прыйшлі словы з народнай казкі: “На лева паедзеш…”. Прама на ўездзе ў населены пункт заезжага падарожніка сустракала развілка трох дарог, якія праляглі тонкай стужкай і азначалі сабой вясковыя вуліцы. На іх, здавалася, не было ні адной жывой душы, аднак гэта памылка. Рэдкія хаты сіратліва хаваліся ў густых кустах адзічалых вішань і бэзу, а вось каля жылых былі відаць сляды людзей. Гадоў гэтак 30-40 назад тут і не думалі пра сум і тугу адзіноты. Жыхары вёскі шчыравалі на ўласным падвор”і, спяшаліся на калгасныя палеткі, каб зарабіць на кавалак хлеба ды вырасціць дзяцей. Сумаваць не было часу, а пра адпачынак толькі марылі. Затое цяпер знямоглыя састарэлыя хоць і радыя былі б пакорпацца на маркоўнай градцы, аднак ламата ў спіне не дазваляе доўга лупіць высахлую глебу матыкай. І ўсё ж пазбавіцца шматгадовай звычкі аддаваць большую частку сваіх сіл завіханню на ўласным зямельным надзеле працавітыя вяскоўцы так і не змаглі.
Вёска Башыца налічвае 54 жыхары. З іх усяго 4 поўныя сям”і, астатнія – адзінокія і аздінокапражываючыя. У Башыцы за апошнія 50 гадоў нарадзілася 2 пары двайнят і адна блізнят. Гонарам і мясцовай адметнасцю служыла некалі вялікае возера, дзе вадзілася шмат рыбы. Раней людзі прамышлялі бандарствам і вырабам конскіх калёс.
Калі я зайшла ў госці да 73-гадовай Таццяны Сцяпанаўны Лявончыкавай, яна старанна вымывала падлогу проста на карачках. Такім жа чынам жанчына вядзе барацьбу і з густым травастоем пад вокнамі хаты. Здароўе ж, сказаць па шчырасці, не як у маладухі, а знаходзіцца сярод смецця для яе брыдка, таму ўсюды чысціня, што сведчыць пра дбайнасць і клопат гаспадыні. Таццяна Сцяпанаўна даўно на заслужаным адпачынку, з”яўляецца ветэранам працы (22 гады адпрацавала даяркай), а таму ў яе характары яўна выражаецца такая рыса індывідуальнасці чалавека, як непрымірымасць да неахайнасці. “Што пра мяне гаварыць, — адмахваецца ад журналіста жанчына, — вы лепш да маіх суседзяў Івановых заедзьце. Яны і гаспадарку вялікую трымаюць, і дом у іх ладны”. Сапраўды, каля хаты мяне сустрэла ветлівая гаспадыня, што карміла малых індычат. Лідзія Аляксееўна гасцінна запрасіла мяне пачаставацца квартай гарбаты – яна якраз адзначала свой 71– ы дзень нараджэння. Саракагадовы працоўны стаж загартаваў дух і волю, замацаваў працоўную “выпраўку”, таму ніякія фізічныя нагрузкі не палохаюць жанчыну. Падтрымкай па жыцці з”яўляецца яе муж Васіль Савельевіч, калгаснік з вялікім стажам. Гонарам у сваёй працоўнай дзейнасці лічыць запуск першай ў гаспадарцы 10-тоннай зернесушыльнай устаноўкі. “Сушылка ў дзень “з”ядала” па 5 тон вугалю. Нават з вобласці людзі прыязджалі паглядзець на гэту навінку”, — выхваляецца мінулымі тэхналагічнымі дасягненнямі пенсіянер. Зараз жа яму не грэх пахваліцца багатай хатняй гаспадаркай: конь, свінні, птушка. А па жыцці яму спадарожнічае добры настрой і аптымізм, і яшчэ задавальненне ад шчаслівага сямейнага шлюбу.
…То на адным, то на другім канцы вёскі раз-пораз забрэшуць сабакі, або запяе певень. Зараджэнне жыцця тут пачыналася з раскіданых па акрузе хутаркоў, якія пасля пачалі скучвацца і ўтварылі вялікае паселішча на 80 двароў. Зараз ідзе адваротны адлік – вёска зноў разбіваецца на асобна стаячыя рэдкія дамы. Каб схадзіць адзін да аднаго ў госці, вяскоўцам трэба браць у дарогу “каня” – тоўсты кій, каб апірацца на яго пры хадзьбе. А зімой такія “вылазкі” і зусім не частыя. І ўсё ж такі жыццём вяскоўцы задаволены. Цішыня, спакой і вясковыя пейзажы да спадобы мясцовым жыхарам. Ёсць тут нават і халасцякі. Не, не адны бяззубыя дзядулі, але і маладыя хлопцы. Ды толькі, відаць, так ім і застацца ў бабылях.
Вывучала гісторыю вёскі Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика