І Ў ПРАЦЫ, І Ў ПЕСНІ ЗДОЛЬНЫЯ

Штогадовы раённы агляд самадзейнай мастацкай творчасці сярод жывёлаводаў і работнікаў аграпрамысловага комплексу прайшоў на базе Отарскага ЦСДК.
Атмасферу халоднага зімовага ранку пранізалі бадзёрыя, звонкія галасы дзяўчат і вясёлыя найгрышы зычнага гармоніка. У праграму выступлення самадзейных артыстаў уваходзілі вакальна-харавы, драматычны, інстументальны і іншыя жанры, а таксама выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Трэба сказаць, што асобным выканаўцам мог бы пазайздросціць самы таленавіты спявак або прафесійны музыкант. Напрыклад, артыстызм і выканаўчае майстэрства Уладзіміра Курбацкага, жывёлавода ААТ “Отар”, добра вядомыя і вельмі даспадобы чачэрскаму гледачу. Уменне паводзіць сябе на сцэне, узаемасувязь саліста з аўдыторыяй не могуць не падкупіць сэрца і не даць прызнання. Таму Уладзімір заслужана атрымаў у гэтым конкурсе першае месца ў намінацыі “Вакальна-харавы жанр”. Паланілі аматараў народнай музыкі сваёй віртуознай ігрой на трохрадцы гарманісты Іван Ядранцаў з КСУП “Палессе” і Сяргей Патапенка з ААТ “МатнявічыАгра”. Драматычны жанр прадставілі ў конкурсе і занялі адпаведна 1 і 2 месца Алена Серыкава з КСУП “Звязда” і Марыя Драздова з КСУП “Палессе”. Трэба адзначыць, што на гэты раз палескія артысты прыемна здзівілі членаў журы, падрыхтаваўшы да ўдзелу зусім новыя “дамарошчаныя” таленты. Упершыню паказаў свае творчыя здольнасці і матнявіцкі саліст Аляксандр Мядзведзкі. А сам калектыў (мастацкі кіраўнік Аляксандр Курдзюмаў) перамог у намінацыі “Лепшая конкурсная праграма”, прымяніўшы ў сваім выступленні элементы харэаграфіі, сцэнічны касцюм, артыстычнасць і выканаўчае майстэрства.
Агляд-конкурс праляцеў незаўважна, ніхто з гледачоў не стаміўся і не спяшаўся, як гэта бывае звычайна, хутчэй выйсці за дзверы. А гэта – самая яркая адзнака таленту самадзейных артыстаў, іх аптымізму, настойлівасці і творчай апантанасці. Усе пераможцы будуць прэміраваны за кошт гаспадарак у памерах ад сямі да дзесяці базавых велічынь.
Арганізатарамі дадзенага мерапрыемства выступілі аддзел культуры райвыканкама і раённы камітэт прафсаюза работнікаў АПК.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика