Жыцця і мудрасці крыніца

Бягучы год – адзін з самых значных культурных перыядаў у жыцці нашай краіны. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ён быў аб’яўлены Годам кнігі. І значыць, на працягу ўсяго гэтага часу шмат увагі надзялялася літаратуры на нашай роднай мове. А на мінулым тыдні ў раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі адбылося святочнае закрыццё Года кнігі, дзе арганізатары свята віталі гасцей з абласнога цэнтра, а таксама аматараў чытання і прыхільнікаў бібліятэкі. Шмат цёплых слоў было сказана дарадчыцы – беларускай кнізе, старажытнай і сучаснай, беларускім асветнікам і першадрукарам. У выкананні вучаніцы гімназіі Леры Лендзянковай прагучаў урывак “Жывая вада” са зборніка Якуба Коласа “Казкі жыцця”. Цудоўныя радкі вершаў пра Беларусь гучалі са сцэны з вуснаў маленькіх хлапчукоў і дзяўчынак з дзіцячага садка №2. Прагучалі і інструментальныя замалёўкі ў выкананні педагогаў і вучняў дзіцячай школы мастацтваў. Дарэчы, Р.Рыбянчанка ў пачатку свайго выступлення адзначыла: неяк сумна гаварыць пра тое, што Год кнігі заканчваецца. На яе думку, ён не спыніцца ніколі. Аб харастве кнігі можна гаварыць бясконца. Яна іскрыстая, нібы сонечныя промні, а родная мова ў ёй звініць, быццам крыштальная вада з бацькоўскай крыніцы, быццам цымбалы ў руках майстра. І не пагадзіцца з музычным педагогам нельга, таму што слова сапраўды жыве, а разам з ім жывуць і кнігі.
Кожны куточак Беларусі звязаны з кнігаю, з высокай духоўнасцю чалавека. Гомельшчына заўсёды была багатая на літаратурныя таленты. Сапраўдныя майстры слова – члены Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» – Уладзімір Гаўрыловіч і Міхась Болсун былі запрошаны на ўрачыстае свята. У той час калі Міхася Болсуна прадстаўляць прысутным, а таксама нашым чытачам не трэба – яго чачаране ведаюць, напэўна, больш, чым ён сябе сам (так жартуе Міхаіл Міхайлавіч), з Уладзімірам Мікалаевічам пазнаёмімся бліжэй. Гэты таленавіты чалавек – старшыня Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі», празаік. Ён піша раманы, аповесці, апавяданні. Яго герой – просты чалавек, асоба, якая годна нясе ў сабе рысы беларускага характару. Аўтар кніг “Споднія яблыкі”, “Дзе над горадам лунаюць буслы”, “Забранае шчасце”, “Глыбокія карані”, “На варце – днём і ноччу”, “На мяжы” і іншыя. Як бачым з кароткай характарыстыкі Уладзіміра Гаўрыловіча – ён сапраўдны мастак сучаснай беларускай літаратуры. Але, калі пісьменнік выйшаў на сцэну і пачаў сваё выступленне, адразу адчулася, што ён такі ж просты чалавек, як і мы. Розніца толькі ў тым, што кніга для яго тое ж, што і памяць. У сваіх творах ён піша гісторыю, адкрывае ісціну, збірае векавы вопыт і поўніць розум добрымі і глыбокімі думкамі. Уладзімір Гаўрыловіч распавядаў, чаму ўзнікла ідэя 2012 год правесці пад эгідай Года кнігі. Так прысутныя даведаліся, што ў мінулым годзе адбыўся пісьменніцкі з’езд пад кіраўніцтвам Прэзідэнта дзяржавы, які планавалася правесці, як школьны ўрок, – 45 хвілін. Але зацягнуўся з’езд аж на чатыры гадзіны. У выніку доўгай размовы кіраўніка дзяржавы з пісьменнікамі і нарадзілася прапанова прыняць рашэнне ў 2012 годзе падтрымаць беларускую кнігу, слова, а таксама духоўнасць. І прыемна, што ўся грамада звярнула на гэта ўвагу. Аналізуючы вынікі Года кнігі, Уладзімір Мікалаевіч заўважыў, што нідзе не было лепшага ўшанавання беларускіх пісьменнікаў, чым на Гомельшчыне. Пачытаў мастак і ўрывак з сваёй аповесці “Забранае шчасце”, якая ў 2008 годзе ўзнагароджана “Залатым купідонам”. А потым перадаў у падарунак раённай бібліятэцы свае кнігі.
Пасля таго, як душу прысутным адкрыў Гаўрыловіч, паспяшаўся зрабіць тое ж паважаны чачаранамі Міхась Болсун. Яго творы прасякнуты душэўнай шчырасцю, любоўю да роднай зямлі, людзей, прыроды. І хоць у святочны час Міхаіл Міхайлавіч крыху горш сябе адчуваў (прыехаў да землякоў хворы), ён, не шкадуючы свайго голасу, чытаў вершы аб родным Чачэрску, малой бацькаўшчыне – Палессі і шмат аб чым другім. Госці ўрачыстага свята, не шкадуючы сваіх далоней, шчыра дзякавалі пісьменніку.
У Год кнігі бібліятэкам дзяржаўнай установы “Цэнтральная раённая бібліятэка” ў папаўненні кніжных фондаў садзейнічалі прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Таму не абыйшлося свята без слоў падзякі. Начальнік аддзела культуры раённага выканаўчага камітэта Юлія Басаргіна ўручыла Падзячныя лісты аддзела культуры райвыканкама дзяржаўным установам адукацыі “Яслі-сад №5”, “Яслі-сад №2”, Чачэрскаму раёну электрычных сетак, тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Таксама за актыўны ўдзел, супрацоўніцтва і дапамогу ў правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных Году кнігі, ад імя аддзела культуры Юлія Сяргееўна выказала падзяку аддзелу адукацыі райвыканкама, Уладзіміру Гаўрыловічу і нашаму земляку Міхасю Болсуну. У іх гонар і гонар кнігі гучалі на свяце і музычныя нумары ў выкананні народнага калектыву народнай музыкі і песні “Чачэрцы”.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика