АДСПЯВАЛІ СОЙКІ, АДШУМЕЎ ГУДОК…

Сумота і журба ахінаюць душу, калі на вясковай дарозе часам на вока трапіць старая разбураная хата, струхнелае дзіравае прасла. Год за годам вёскі Чачэршчыны паступова знікаюць з геаграфічнай карты раёна, а раней жыццё найбольш моцна і актыўна пульсавала менавіта за межамі горада.
Назвы многіх населеных пунктаў ужо нават ніхто і не памятае. Сёння ў раёне налічваецца 95 вёсак, а ў недалёкім 1978 годзе іх было 152. Больш чым удвая скарацілася там і насельніцтва. У тыя гады, калі верыць статыстыцы, з 20 тысяч жыхароў 13081 чалавек мелі вясковую прапіску. Калі на цэнтральных сядзібах ужо станавілася цесна, людзі будавалі хаты на новым месцы. Так, напрыклад, у пачатку ХХ стагоддзя на былых памешчыцкіх землях паставілі свой першы хутар жыхары в.Алёс Меркулавіцкага сельсавета. Яшчэ і да нядаўняга часу там жыў адзін чалавек, але зараз тут гаспадарыць прырода, якая схавала сляды былога за густым зараснікам дзікарастучых кустоў. З аднаго дома пачалося заснаванне і в.Брацтва гэтага ж Савета. Потым да хутаран далучыліся іншыя перасяленцы з бліжэйшых вёсак і назва пасялення апраўдала сябе. Тут і сапраўды людзі жылі дружна, мірна, па-брацку. Апошняя сям’я выехала адсюль у 1982 годзе ў чыстыя мясціны ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Шмат вёсак з цікавымі і прыкметнымі назвамі можна вызначыць і на тэрыторыі Нісімкавіцкага сельсавета. Пасёлак Ключавы названы так таму, што побач на лузе існавала шмат крыніц. Больш 30 двароў стаялі па два бакі, пакуль хаты ў жніўні 1943 года не спалілі немцы. Аднак насельніцтва вярнулася сюды зноў. На жаль, пустэча і выміранне ўсё ж не абмінулі пасёлак. Паціху “ўсохлася” жыццё і ў п.Усошнае, які займеў сваю назву ад таго, што будаваўся на ўзвышшы, на сухім месцы. Транспартныя сувязі праходзілі па прасёлачнай дарозе Свяцілавічы-Залессе. А вакол – імхі, балоты ды бары. Падчас вайны пасёлак быў партызанскай зонай, гэта зямля наскрозь прапітана крывёю, порахам і дымам. У адным з баёў на Усашнянскім полі разбіўся савецкі самалёт. Цяпер ад вёскі мала што засталося. Зараслі сцяжынкі і да былога Гудка. Такую гучную назву далі пасёлку мясцовыя жыхары таму, што размясціўся ён непадалёк ад Нісімкавіч, у чыстым полі на “сямі вятрах”. Роўнай стужкай цягнуліся сялянскія сядзібы, дружна жыў гасцінны народ. Аднак будучыня ў гудкоўцаў аказалася незайздроснай. Апошні раз дыміліся коміны вясковых хат у гэтым пасяленні ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Гадзіннікі паціху адбіваюць хвіліны, дні, стагоддзі… Заціхлі песні калодзежнага жураўля населенага пункта з прыгожай назвай Дубок, не чуваць мясцовай гаворкі ў вымерлай Падыгрушцы Залескага сельсавета. Усяго тры чалавекі жывуць у вёсцы Сойкі Роўкавіцкага сельскага Савета. Жыццё падмінае магутнымі коламі няспыннай машыны часу і летуценныя мары, і чалавечыя лёсы, і пахучы язмін пад вакном бацькавай хаты. Ды толькі памяць людскую растаптаць немагчыма.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика